2013-08-05 13:51:44

Новы пасол ЗША пры Святым Пасадзе


RealAudioMP3 Амерыканскі Сенат зацвердзіў новага пасла ЗША пры Святым Пасадзе. Ім будзе Кэн Хакет, які на працягу доўгага часу быў кіраўніком каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Catholic Relief Service” (Каталіцкая служба дапамогі). Абавязкі дыпламатычнага прадстаўніка ЗША ён пачне выконваць яшчэ ў гэтым месяцы. Яго папярэднік на гэтай пасадзе, каталіцкі тэолаг Мігель Дыяс, які нарадзіўся на Кубе, скончыў сваю дыпламатычную місію ў лістападзе 2012 г.

“Папа Францішак кладзе націск на тое, каб змяніць адносіны свету да беднасці, несправядлівасці і погляд на многія сацыяльныя пытанні. Мы, як амерыканцы, згодныя з гэтым, - сказаў новы пасол пасля свайго прызначэння. - Гэта наша агульная справа”, - дадаў ён.

Хакет працаваў у “Catholic Relief Service” (амерыканскі аналаг “Caritas”) на працягу 40 гадоў, кіраваў арганізацыяй з 1993 г. па 2012 г. Акрамя таго, у 1996-2004 гг. быў паўночнаамерыканскім віцэ-старшынёй “Caritas Internationalis”, а ў 1996-2011 гг. – членам Папскай рады “Cor Unum”. Ён будзе дзесятым паслом ЗША ў Ватыкане пасля афіцыйнага ўстанаўлення дыпламатычных адносін у 1984 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.