2013-08-05 13:53:13

Кардынал Тарксан у Хірасіме: ператворым насілле ў мір


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” знаходзіцца з візітам у японскай Хірасіме ў рамках ініцыятывы “Дзесяць дзён для міру”, у памяць пра ахвяр атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 г. 5 жніўня 2013 г. ён узначаліў у мясцовым катэдральным касцёле св. Імшу за ахвяр катастрофы. Іерарх адзначыў, што не выпадкова Езус, пасля свайго ўваскрасення, прывітаў вучняў словамі: “Спакой вам”. Менавіта дзякуючы гэтаму “мірнаму прывітанню” вучні зразумелі значэнне Хрыстовага паслання і адправіліся “абвяшчаць яго як слугі прабачэння і прымірэння”, сказаў кардынал Тарксан.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё на тэму свайго візіту старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” нагадаў пра гістарычны візіт Яна Паўла II у Хірасіму ў 1981 г., падчас якога Пантыфік сказаў, што вайна ніколі не павінна ўспрымацца як нешта нармальнае. Кардынал Тарксан адзначыў, што вайна – гэта “заўсёды чалавечая адказнасць, а не Божая кара, гэта не стыхійнае бедства, а прадукт нашых грахоў”. “Рэлігія ніколі не з’яўляецца прычынай войнаў”, - падкрэсліў іерарх - “войны адбываюцца па іншых прычынах”, - дадаў ён. Рэлігію на прыцягу гісторыі часта выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах і маніпулявалі ёй.

Трагедыя Хірасімы і Нагасакі не скончана, адзначыў кардынал, яна працягваецца ў сям’ях яе ахвяр, у тых, хто пакутуе ад наступстваў радыяцыі, генетычных хвароб, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. “Такім чынам, грэх доўжыцца ў часе і наша заданне – евангелізаваць гэту сітуацыю”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады і дадаў, што “задача Хірасімы і Нагасакі – гэта таксама задача ў Сірыі, Калумбіі, на Блізкім Усходзе, усюды, дзе трэба аднаўляць чалавечую сям’ю, пасля вар’яцтва вайны”.


6 жніўня ў Хірасіме кардынал прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы разам з будыстамі, сінтаістамі і пратэстантамі. 7 жніўня ён накіруецца ў Нагасакі для ўдзелу ў вячэры, арганізаванай Цэнтрам па міжрэлігійным дыялогу за мір ва ўсім свеце. На наступны дзень ватыканскі іерарх прыме ўдзел у штогадовай нацыянальнай мемарыяльнай цырымоніі ў парку “Ground-Zero”. 9 жніўня пурпурат завершыць свой візіт у Японію.







All the contents on this site are copyrighted ©.