2013-08-05 14:59:45

Кардынал Равазі пра ролю жанчын у Касцёле


RealAudioMP3 Кардынал Джанфранка Равазі прысвяціў свой артыкул на старонках італьянскага выдання “Il Sole 24 Ore” разважанням аб месцы жанчыны ў жыцці Касцёла. Старшыня Папскай рады па культуры прааналізаваў кнігу сястры Лізы Крэмаскі пад назвай “Жанчыны ў камуніі”, якая толькі-што з’явілася на паліцах кніжных крамаў Італіі. У сваёй рэцензіі пурпурат звярнуў увагу на распаўсюджаны стэрэатып пра прыніжаную ролю жанчыны ў хрысціянстве. Не закрываючы вочы на розныя сітуацыі, якія здараліся ў гісторыі Касцёла, на яго думку, нельга забывацца і пра тое, што часта як раз жанчыны з’яўляліся ў ёй галоўнымі дзеючымі асобамі.

Варта памятаць, што Езус напачатку аб’явіўся жанчынам і даверыў ім заданне “евангелізаваць” мужчын. Таму, напрыклад, Марыю Магдалену традыцыя называе “апосталам апосталаў”. Таксама ў першых хрысціянскіх супольнасцях не было дыскрымінацыі па палавой прыкмеце: св. Павел пісаў пра “апосталаў” Андроніка і Юнію, яго жонку, якая карысталася такой жа павагай, як і яе муж. Ён падкрэсліваў роўнасць усіх у Езусе Хрысце: “Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны”.

Кардынал Равазі нагадаў, што ранняя гісторыя Касцёла ведае дастаткова вялікіх жанчын, якія вылучаліся асаблівымі інтэлектуальнымі здольнасцямі і глыбокай духоўнасцю, карысталіся вялікай павагай і спрыялі навяртанню многіх мужчын.

Праблемай, на думку пурпурата, былі і часы, калі дамінаванне мужчын не дазваляла жанчынам знайсці належнага месца для сваёй рэалізацыі: так было ў сярэдневеччы. Кантэкст “вострага пытання” аб жаночым святарстве і гендэрнай тэорыі трэба шукаць, паводле кардынала Равазі, у такога роду канфліктах.

Пурпурат закончыў сваё разважанне словамі французскага паэта Альфрэда дэ Віньі: “Пасля таго, як я добра падумаў аб лёсе жанчын усіх часоў і краін, пераканаўся, што сёння мужчыны павінны вітаць іх словам “прабач”, замест “добры дзень”.

Трэба адзначыць, што на ролю жанчын у Касцёле нядаўна звярнуў увагу і папа Францішак. Падчас сваёй прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Рыа-дэ-Жанейра Пантыфік сказаў, што “не можна зразумець Касцёла без жанчын” і нагадаў, што да гэтага часу не выпрацавана дакладная “тэалогія жанчыны” і ў яго планах зрабіць гэта.












All the contents on this site are copyrighted ©.