2013-08-04 11:04:13

Блізкі сябар Папы: ён быў Францішкам яшчэ ў Буэнас-Айрэсе


RealAudioMP3 “Сваімі словамі і жэстамі Папа паказвае, што ў пятровым служэнні фундаментальнай з’яўляецца ўвага да бедных”, - такога меркавання прытрымліваецца бразільскі кардынал Клаўдзіу Хумэс, былы прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства і блізкі сябар папы Францішка. Менавіта ён, сядзеў побач з кардыналам Берголіа у момант яго абрання на пасаду Біскупа Рыма. “Не забывай пра бедных”, - з такімі словамі кардынал Хумэс звярнуўся тады да новаабранага Папы, пра што апошні расказаў журналістам праз некалькі дзён пасля канклаву. У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” пурпурат падзяліўся, што клопат аб бедных, гэта стыль жыцця Святога Айца. “Ён быў Францішкам ужо ў Буэнас-Айрэсе. Усё яго жыццё было і працягвае быць моцным пасланнем ў гэтым сэнсе. Тое, што ён зрабіў для Аргентыны, а затым для ўсёй Лацінскай Амерыкі (...) ён робіць цяпер для Паўсюднага Касцёла”, - сказаў былы арцыбіскуп Сан-Паўлу.

Паводле бразільскага кардынала, адкрываючы сэрцы Папа паказвае якім шляхам хоча весці Касцёл,. “Яго жэсты, спосаб уваходу ў адносіны з людзьмі (...) прывялі яго да тых, хто жыве на “перыферыях”: да людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, пакутуюць, да бедных”, - падкрэсліў пурпурат.

Кардынал Хумэс адзначыў, што папа Францішак з прастатой вучыць усіх нас, што варта працаваць не толькі дзеля вялікіх праектаў, але клапаціцца таксама пра тых, хто жыве побач з намі, нашых блізкіх, у якіх трэба бачыць чалавечае а не лічыць іх проста “лічбамі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.