2013-08-03 14:55:45

Мусульманскі тэолаг пра пасланне Папы да ісламскага свету


RealAudioMP3 “Мы павінны вучыць нашу моладзь думаць і гаварыць аб іншых рэлігіях і іх вызнаўцах з павагай”, - гэтыя словы з паслання папы Францішка, скіраванага 2 жніўня да ісламскай супольнасці, уразілі мусульманскага тэолага Аднана Маркані, выкладчыка Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, ён прызнаўся, што быў вельмі рады атрымаць віншаванне з заканчэннем Рамадана ад Папы. Паводле тэолага, Святы Айцец вельмі адкрыты на міжрэлігійны дыялог і гэта падкрэслівае яго імя, якое ён выбраў, думаючы пра “асізскага бедняка”. “Св. Францішак – гэта сімвал дыялога з мусульманамі. Таму выбар імені быў пазітыўным знакам для міжрэлігійнага дыялога”, - сказаў Маркані.

Мусульманскі тэолаг назваў пасланне Папы “цудоўным і адкрытым заклікам да ўзаемнай павагі на падставе супольнага сяброўства” і звярнуў увагу на важнасць навучання моладзі павазе да іншых рэлігій і іх лідэраў. “Я думаю, што гэта наша супольная праца, супольнае заданне, якое павінна стаць мэтай міжрэлігійнага дыялога на наступныя гады”, - сказаў ён.

Гаворачы пра рэха паслання Францішка ў ісламскім свеце, Аднан Маркані адзначыў, што, канешне, зараз увага СМІ звернута ў першую чаргу на складаную сітуацыю ў Сірыі, Егіпце і Тунісе, аднак, словы Папы натхнілі тых, хто працуе на карысць развіцця міжрэлігійнага дыялога. “Я думаю, што гэта пасланне дае надзею і дапамагае людзям, якія працуюць у гэтай сферы”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.