2013-08-03 13:45:04

Кс. Ламбардзі: Францішак не супраць перадсаборнага абраду


RealAudioMP3 Папа Францішак не супярэчыць Бэнэдыкту XVI у пытанні цэлебрацыі св. Імшы ў надзвычайнай форме, або, інакш кажучы, паводле перадсаборнага абраду. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі патлумачыў сітуацыю вакол манаскай супольнасці Францішканаў Беззаганай, святарам якой Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця загадала цэлебраваць Эўхарыстыю выключна ў звычайнай форме, за выключэннем тых сітуацый, калі на цэлебрацыю ў надзвычайнай форме яны атрымалі дазвол кампетэнтных уладаў. Рашэнне ватыканскай дыкастэрыі зацвердзіў Пантыфік. У сувязі з гэтым некаторыя СМІ і групы традыцыяналістаў абвінавацілі папу Францішка ў адыходзе ад рашэнняў, прынятых Бэнэдыктам XVI у 2007 г. і зацверджаных у апостальскім лісце “Summorum Pontificium”.

Паводле кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, гэта забарона абумоўлена асаблівасцямі сітуацыі і напружанасцю, якая склалася ў Кангрэгацыі Францішканаў Беззаганнай вакол пытання формы целебрацыі літургіі. “Мэтай Бэнэдыкта XVI было пераадоленне напружанасці, а не яе стварэнне”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Канфліктная сітуацыя узнікла пасля таго, як былы настаяцель Кангрэгацыі абавязаў святароў гэтай манаскай супольнасці цэлебраваць літургію выключна ў перадсаборным абрадзе. Як паказалі вынікі апостальскай візітацыі, якая праходзіла ў Кангрэгацыі на працягу мінулага года, большасць законнікаў была супраць такога рашэння.

11 ліпеня 2013 г. на месца генеральнага настаяцеля супольнасці быў прызначаны апостальскі камісар, капуцын а. Фідэнцыа Вольпі.

Паводле кс. Ламбардзі рашэнне ватыканскай дыкастэрыі, зацверджанае папам Францішкам, звязана з усімі сферамі жыцця і кіравання супольнасцю, а не толькі пытаннямі літургіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.