2013-08-02 11:27:48

Тэолаг пра таямніцу прыцягальнасці Папы для моладзі


RealAudioMP3 У чым таямніца прыцягальнасці папы Францішка для моладзі? На гэта пытанне ў інтэрв’ю нашаму радыё расказаў вядомы італьянскі тэолаг, арцыбіскуп К’еці-Васты Бруна Фортэ. Паводле іерарха, Папа мае тры яскравыя рысы, якія прывабліваюць моладзь: яго “сапраўднасць”, давер і здольнасць даваць ўпэўненасць. Арцыбіскуп Фортэ патлумачыў, што ў першую чаргу Святы Айцец з’яўляецца “аўтэнтычным”, самім сабой і гэта “глыбока адчуваецца”. “Ён жыве тым, пра што гаворыць. Яго жэсты і словы не адзеленыя адно ад аднаго, а моладзь мае патрэбу ў гэтай сапраўднасці, у кімсці, хто адразу выклікае давер”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп адзначыў таксама, што папа Францішак звяртаецца да юнакоў і дзяўчат з вялікім даверам: верыць у іх і дае ім магчымасць адчуць сваю адказнасць, дапамагае зразумець, што Хрыстус разлічвае на кожнага.

Нарэшце іерарх падкрэсліў, што Папа дазваляе моладзі адчуць, што яна не самотная, а побач прысутнічае вялікая незвычайная кампанія – цэлы Касцёл, пілігрымуючы народ, у які ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх моваў і культур. “Мы не адны”, - паўтараў Папа звяртаючыся да ўдзельнікаў моладзевага форума ў Рыа.

Арцыбіскуп Фортэ таксама адзначыў, што Папа здолеў стаць блізкім да моладзі не адмаўляючы маральных прынцыпаў навучання Каталіцкага Касцёла. “У гэтым яго сіла! Ён здолеў перадаць цудоўны, высокі і патрабавальны змест Евангелля, такім спосабам, які аказаўся для моладзі цалкам праўдзівым і пераканаўчым”, - падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што Францішак не імкнецца спадабацца моладзі “любым коштам”, але любіць яе і дазваляе ёй адчуць наколькі. “Калі ты па-сапраўднаму любіш кагосці і ён адчувае гэта, можаш прасіць яго пра што заўгодна”, - сказаў італьянскі тэолаг.








All the contents on this site are copyrighted ©.