2013-08-02 11:55:48

Створана інтэрнэт-старонка СДМ у Польшчы


RealAudioMP3 Нягледзячы на тое, што да Сусветных дзён моладзі ў польскім Кракаве застаецца яшчэ тры гады, падрыхтоўка да форума ўжо пачалася. Адным з першых крокаў стала стварэнне адпаведнай інтэрнэт-старонкі, на якой любы жадаючы можа атрымаць неабходную інфармацыю пра будучае мерапрыемства. 1 жніўня быў адкрыты сайт www.krakow2016.com. Ён дзейнічае на шасці мовах – польскай, італьянскай, англійскай, французскай, нямецкай і іспанскай. Інтэрнэт-старонка падзелена на шэраг карысных раздзелаў прысвечаных гісторыі Сусветных дзён моладзі і благаслаўлёнаму папе Яну Паўлу ІІ – заснавальніку мерапрыемства, які менавіта ў Кракаве правёў свае маладыя гады. Сайт дае магчымасць пазнаёміцца з інфармацыяй аб Кракаўскай архідыяцэзіяй і самім горадзе – яго культуры і рэлігійных традыцыях. Спецыяльна для гэта былі зроблены адпаведныя відэа-ролікі. У адным з іх, кракаўскія юнакі і дзяўчаты дзеляцца сваімі сведчаннямі і запрашаюць моладзь з усяго свету прыняць удзел у форуме.

Між іншым на старонке размешчаны відэа-зварот арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша. У ім іерарх адзначае, што “Кракаў і Польшча радуюцца, таму што зноў стануць горадам і краінай моладзі”. Кардынал Дзівіш выказаў падзяку Святому Айцу за рашэнне правесці наступны форум менавіта тут і нагадаў, пра асобу бл. Яна Паўла ІІ з удзячнасцю “за яго любоў да моладзі і ўсё тое, што ён нам пакінуў – вялікую спадчыну якой жывём сёння”. Пурпурат пажадаў, каб яна “працягвала натхняць моладзь, і не толькі, на ўзорнае жыццё, блізкае з Хрыстом і Паннай Марыяй”. “Кракаў адкрываецца! Дарагая моладзь, мы прымем вас з сардэчнасцю і годнасцю і молімся, каб вы прынеслі на нашу Радзіму энтузіазм і надзею на будучыню, таму што маем патрэбу ў вашай маральнай падтрымцы”, - закончыў пасланне кардынал Дзівіш.

Папа Францішак абвясціў, што наступныя Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве ў 2016 г. на заканчэнне моладзевага форума ў Рыа-дэ-Жанейра 28 ліпеня. Мерапрыемства адбудзецца ў Польшчы ўжо ў другі раз. У 1991 г. яго прымала польскае Чэнстахова.








All the contents on this site are copyrighted ©.