Кардынал Жан Луі Таран,
старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, падкрэсліў, што папа Францішак хацеў
прадэманстраваць сваю асаблівую павагу да мусульман павіншаваўшы іх з заканчэннем
месяца Рамадам асабіста. Пурпурат расказаў, што яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса,
Хорхе Марыа Берголіа скіраваў аднаго святара са сваёй дыяцэзіі ў Каір, каб той добра
вывучыў арабскую мову і дапамагаў у дыялогу з ісламам. Кардынал Таран з жалем адзначыў,
што нягледзячы на інтэнсіўны дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі, на сённяшні
дзень дасягнуты невялікія вынікі, якія не зацверджаны на ўзроўні права ці нарматыўных
нормаў. Таму на яго думку, неабходна працягваць паглыбляць узаемнае знаёмства, а таксама
навучанне павазе, якое павінна адбывацца праз школу, універсітэты, узаемны давер і
сяброўства.
Паводле кардынала Тарана, Папа глыбока ўсведамляе цяжкасці, якія
існуюць у адносінах паміж ісламам і хрысціянствам і не з’яўляецца ў гэтых пытаннях
“наіўным”. Ён памятае пра хрысціян, якія пакутуюць у мусульманскіх краінах, але ў
той жа час усведамляе, што многія мусульмане сталі аб’ектам дыскрымінацыі ў Еўропе.
Пурпурат
лічыць, што ў фундаменце многіх праблем паміж прадстаўнікамі абодвых рэлігій знаходзіцца
неадукаванасць і невыхаванасць, таму гэтыя сферы павінны быць прыярытэтнымі.