2013-08-01 14:59:41

Папа бачыць Касцёл сінадальным, адкрытым, бедным і менш ідэалагізаваным


RealAudioMP3 Касцёл павінен быць менш ідэалагізаваным, больш сінадальным, адкрытым на кожнага, бедным і служачым, павінен ісці супраць плыні – такім яго жадае бачыць папа Францішак, лічаць журналісты французскага выдання “La Croix”. Да сваіх высноў яны прыйшлі, аналізуючы выказванні Святога Айца падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. У звароце да лацінаамерыканскіх іерархаў Папа казаў пра важнасць калегіяльнасці ў Касцёле, якая павінна праяўляцца на ўзроўні біскупскіх канфэрэнцый – нацыянальных і кантынентальных. Менавіта гэтыя структуры, на думку Пантыфіка, павінны адыгрываць важную ролю ў вырашэнні рэгіянальных праблем. Акрамя таго, паводле Францішка, сінадальнасць павінна праяўляцца ў больш шырокім “удзеле свецкіх вернікаў у кансультацыях, арганізацыі і планаванні душпастрыскай дзейнасці”. “Я думаю, што ў гэтым мы вельмі спазняемся”, - казаў Папа.

Святы Айцец лічыць, што адной з небяспекаў, якая пагражае Касцёлу, з’яўляецца “ідэалагізацыя евангельскага паслання” – схільнасць да тлумачэння Аб’яўлення выключна ў катэгорыях сацыяльных навук.

Падчас візіту ў Рыа Францішак казаў пра неабходнасць “рэвалюцыі пяшчотнасці”, у аснове якой павінна стаць міласэрнасць. Паводле Святога Айца, Касцёл, гэта не структура законаў і правілаў. Ён супрацьпаставіў “Касцёл міласэрнасці” “Касцёлу кантроля”. На яго думку, Касцёл павінен быць адкрытым на кожнага чалавека, ісці насустрач асобе.

Папа адзначыў, што Касцёл павінен быць бедным, але без пераўтварэння ў пэўнага роду недзяржаўную арганізацыю – быць здольным “распальваць сэрцы”.

Звяртаючыся да моладзі, Францішак падкрэсліў, што Касцёл павінен ісці супраць плыні. Ён заклікаў да “рэвалюцыйнасці” і “супрацьстаяння культуры часовасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.