2013-08-01 12:30:43

Дзве новыя тэмы папы Францішка


RealAudioMP3 У доўгім, спакойным і адкрытым інтэрв’ю, якое папа Францішак даў журналістам падчас пералёту з Рыа-дэ-Жанейра ў Рым, былі закрануты дзве тэмы, якім да гэта часу Пантыфік не ўдзяляў такой увагі – роля жанчын у Касцёле і гомасексуалізм. На гэты факт звярнула ўвагу журналістка “L’Osservarote Romano” Лючэта Скарафія. Паводле яе, Святы Айцец разумее, што жанчыны неабходны ў тым “жывым і адкрытым Касцёле”, якога ён жадае і “які зможа па-новаму прыцягнуць вернікаў і запаліць іх сэрцы”. Францішак лічыць, што жанчына “дапамагае Касцёлу расці”, а Марыя – “самая важная сярод апосталаў”. У той жа час ён катэгарычна супраць жаночага святарства. Замест спекуляцый на гэту тэму, Папа заклікае глыбей паразважаць аб рэалізацыі роўнасці палоў у іх адметнасцях. Лючэта Скарафія звярнула ўвагу, што гаворачы пра людзей з гомасексуальнай арыентацыяй Папа казаў па-новаму, але “не пагражаючы традыцыі Касцёла”. “Можна змяніць усё, не змяняючы базавых правілаў, тых, на якіх пабудавана каталіцкая традыцыя”, - падкрэсліла журналістка.

Яна нагадала словы Францішка пра тое, што Касцёл павінен быць заўсёды гатовы прыняць грэшнікаў – гэта значыць усіх нас. “Ён нагадвае усім, што хрысціянства заўсёды адрознівала асуджэнне граху і міларэснасць у адносінах да грэшніка”, пры гэтым без “строгага безсардэчнага пурытанства”, - напісала Скарафія. Яна дадала, што сваімі словамі пра людзей з гомасексуальнай арыентацыяй Францішак выключае “наракальнае маралізатарства” і вызваляе Каталіцкі Касцёл ад ганебных абвінавачванняў у гамафобіі ў свой адрас, чаму ён падвяргаецца на працягу апошніх гадоў. “Міласэрнасць – гэта характэрная рыса, якая адрознівае хрысціян і заключаецца ў прыняцці грэшніка і прабачэнні”, - нагадала аўтар артыкула ў ватыканскай газеце і дадала, што гэта не мае нічога супольнага з адмаўленнем існавання граху.








All the contents on this site are copyrighted ©.