2013-07-31 10:14:42

Спецыяльная кардынальская дарадчая група пры Пантыфіку сустрэнецца ўжо ў кастрычніку


RealAudioMP3 Сустрэча групы з васьмі кардыналаў, задачай якой з’яўляецца аказанне дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформа Рымскай курыі, пройдзе 1-3 кастрычніка ў Рыме. Аб гэтым паведаміў каардынатар кансультатыўнага органа, кардынал Оскар Андрэс Радрыгес Марадзьяга. Ён патлумачыў, што да гэтага часу група займалася працай “па зборы матэрыялаў” і адпаведных прапаноў, якія надыходзілі з боку біскупскіх канферэнцый і асоб.

Магчымасць абмеркаваць гэтыя пытанні непасрэдна з папам Францішкам з’явілася падчас візіту Пантыфіка ў Рыа-дэ-Жанейра, дзе кардынал Марадзьяга праводзіў катэхезы ў рамках Сусветных дзён моладзі. У цяперашні час, дзякуючы сабраным прапановам, з’явілася магчымасць стварыць свайго роду рабочы дакумент, які стане асновай для абмеркавання падчас сустрэчы ў кастрычніку. “Разам з цяперашнім Папам мы былі ў рэдакцыйным камітэце “Дакументу з Апарэсіды” - нагадаў гандураскі кардынал. - Мы ведаем адзін аднаго добра, і я вельмі рады, што магу супрацоўнічаць з ім у гэтым пытанні”.

Спецыяльная кардынальская дарадчая група пры Пантыфіку была створана 13 красавіка 2013 г. – праз месяц пасля абрання Францішка на Пасад св. Пятра. Апрача кардынала Марадзьягі, у яе склад увайшлі: кіраўнік Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, кардынал Джузэпэ Бэртэла; арцыбіскуп Санц’яга-дэ-Чылі на пенсіі, кардынал Франсіска Хаўер Эрасурыс Осса; арцыбіскуп Бамбею, кардынал Освальд Грасіас; арцыбіскуп Мюнхенска- Фрайзінгскі, кардынал Рэйнхард Маркс; арцыбіскуп Кіншасы, кардынал Ларан Мансэнгва Пасінья; арцыбіскуп Бостана, кардынал Шон Патрык О’Мэлі і арцыбіскуп Сіднэя, кардынал Джордж Пэл. Біскупу Альбана Марчэла Сэмерара даручана функцыя сакратара групы.







All the contents on this site are copyrighted ©.