2013-07-31 12:16:33

Брат Бэнэдыкта XVI распавёў аб падрабязнасцях сыходу Пантыфіка


RealAudioMP3 Папа Францішак быў для яго папярэдніка “чыстым лістом”. Бэнэдыкт XVI ніколі не гаварыў пра Хорхэ Марыа Берголіа, прызнаўся кс. Георг Ратцынгер у інтэрв’ю 23 красавіка 2013 г., узятым нямецкім журналістам Міхаэлем Хазэманам, апублікаваным у яго кнізе “Папа Францішак. Спадчына Бэнэдыкта XVI і будучыня Касцёла” (Papst Franziskus. Das Vermächtnis Benedikts XVI. und die Zukunft der Kirche), выйшаўшай 31 ліпеня ў Мюнхене. “Я думаю, што ён не ведаў яго добра, магчыма, толькі павярхоўна”, - сказаў брат Пантыфіка на пенсіі, якога цытуе нямецкае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “KNA”. На пытанне аб тым, ці Бэнэдыкт XVI вітае змены ў Ватыкане, прэлат заявіў, што яго брат “ніколі не гаворыць пра гэта, таму што не хоча станавіцца на шляху свайго пераемніка і прыносіць яму цяжкасці або праблемы”. Кс. Ратцынгер прызнаўся, што Бэнэдыкт XVI вельмі шануе Францішка.

Прэлат заявіў, што адстаўка стала для Бэнэдыкта XVI “вялікім вызваленнем”. Зараз “ён адчувае палёгку і, здаецца, паступова аднаўляе сілы”. Расчараванне з нагоды скандалу “Vatileaks” не адыграла ролі ў рашэнні 89-гадовага Пантыфіка. Няпраўда таксама, што Бэнэдыкт XVI падаўся ў адстаўку, баючыся інсульту. Кс. Ратынгер таксама заявіў, што ў яго брата “няма ніякага вострага захворвання”.

Святар сказаў, што рашэнне Папа на пенсіі прыняў пасля вяртання з Мексікі ў канцы сакавіка 2012 г. Урачы адгаворвалі яго ад яшчэ аднаго падобнага падарожжа. Але паколькі былі запланаваны Сусветныя дні моладзі ў Бразіліі і візіт на Філіпіны “ён палічыў правільным больш не заставацца на пасадзе”. Выклікі, якія стаяць сёння перад Пантыфікам значна большыя, чым гэта было яшчэ 50 гадоў таму. У актуальнай сітуацыі трэба працаваць у поўную сілу, і не можа быць так, як гэта было раней, проста адысці ад абавязкаў, знаходзячыся на пасадзе, патлумачыў кс. Георг Ратцынгер пазіцыю свайго брата. Па словах прэлата, Бэнэдыкту XVI больш няма чаго пісаць: “яго літаратурная праца завершана, не будзе ніякіх далейшых выданняў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.