2013-07-30 11:28:51

Пантыфік адказаў на самыя “нязручныя” пытанні журналістаў


RealAudioMP3 Святы Айцец лічыць, што Ватыканскі банк, у што б не быў ператвораны пасля абвешчанай некаторы час таму рэформы, павінен адзначацца “празрыстасцю і сумленнасцю”. Папа прызнаўся, што ёсць тры прапановы: заставіць яго ў якасці банку, ператварыць у фонд, або ўвогуле зачыніць. “Я не магу сказаць, як скончыцца гэтая гісторыя”, - адзначыў Францішак, але дадаў, што ідзе інтэнсіўны пошук рашэння. Пантыфік распавёў таксама, што існуюць розныя прапановы рэарганізацыі інстытутаў Святога Пасаду. Гаворка ідзе, напрыклад, пра рэформу сакратарыяту Сінода Біскупаў. Таксама кансысторыі кардыналаў павінны насіць характар больш практычны. Святы Айцец прызнаўся, што да эканамічнай часткі рэформы ён вернеца, скарэй за ўсё, у наступным годзе, бо гэта, на яго думку, не самае галоўнае, хоць і наспела патрэба ў стварэнні яшчэ адной камісіі, якая б занялася “усёй эканомікай Святога Пасаду”. Аб гэтым Святы Айцец заявіў падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта 29 ліпеня падчас вяртання з Рыа-дэ-Жанейра.

Святы Айцец сказаў, што сустрэў канструктыўную пазіцыю супрацоўнікаў Рымскай курыі адносна рэформ. Гэта не значыць, што ўсе з усім згодныя, прызнаўся Папа, але гэта нармальна, калі хтосьці шчыра і адкрыта кажа аб сваёй пазіцыі, нават калі яна не згодная з пазіцыяй Пантыфіка. Такі стыль адпавядае Францішку.

Журналісты пацікавіліся змесцівам чорнага партфеля, з якім Папа прыляцеў у Бразілію. Францішак прызнаўся, што там знаходзяцца самыя неабходныя для яго ў падарожжы рэчы: брытва, брэвіярый, штодзённік і заўсёды якая-небудзь кніга.

Служэнне біскупа – гэта выдатная рэч, адзначыў Пантыфік. Праблема ўзнікае, калі хтосьці навязліва імкнецца да біскупства, дадаў ён, і гэта не ад Пана. Але калі Бог кліча святара да біскупскага служэння, гэта добра. Існуе заўсёды небяспека быць вышэй за іншых, заўважыў Францішак, гэтага трэба асцерагацца. Але служэнне біскупа цудоўнае, бо гэта дапамога братам ісці наперад. “Мне падабаецца быць біскупам, - прызнаўся Папа - у Буэнас-Айрэсе я быў ​​вельмі шчаслівы”. Ён дадаў, што заўсёды пачуваў сябе шчасцлівым, і як святар, і як біскуп.

Святы Айцец падзяліўся некаторымі планамі. Ужо 22 верасня ён накіруецца з пастырскім візітам у італьянскі Кальяры, а 4 кастрычніка ў Асізі. Таксама плануецца візіт за межы Італіі, у Іерусалім, на святкаванне 50-годдзя сустрэчы папы Паўла VI і Патрыярха Афенагора. Прычым на гэтыя ўрачыстасці ўжо ёсць афіцыйнае запрашэнне з боку ізраільскага кіраўніцтва. З візітам у Лацінскую Амерыку “трэба крыху пачакаць”, сказаў Францішак, маючы на ўвазе родную Аргентыну. Ён прызнаўся, што хацеў бы наведаць Азію, ужо ёсць запрашэнні ў Шры-Ланку і на Філіпіны, а таксама здзейніць візіт да Патрыярха Барталамея I.

На думку Францішка католікам ёсць чаму павучыцца ў праваслаўных. “Спажывецтва, дабрабыт, прынеслі нам столькі шкоды. Вы ж захавалі гэту прыгажосць Бога ў цэнтры”, - адзначыў Папа, адказваючы на пытанне журналіста з Расіі. Ён прызнаўся, што калі чытае Дастаеўскага, разумее, што такое руская душа, душа Усходняй Еўропы. “Гэта тое, што можа прынесці нам шмат добрага. Нам трэба гэта абнаўленне, гэта свежае паветра Усходу, гэтага святло Усходу”, - сказаў Пантыфік.

Харызматычныя рухі ў Касцёле – “гэта ласка ад Святога Духа”, лічыць Папа. Ён пагадзіўся з довадамі бразільскай журналісткі, на думку якой, менавіта гэтыя супольнасці могуць прапанаваць альтэрнатыву пяцідзесятнікам, да якіх так масава адыходзяць маладыя лацінаамерыканскія католікі. Пантыфік прызнаўся, што не адразу зразумеў карысць харызматычных рухаў, але ў пэўны момант убачыў, як шмат яны робяць для Касцёла. Важна, заўважыў Папа, каб такія супольнасці жылі “духам Касцёла”.

Святы Айцец адзначыў, што роля жанчын у Касцёле вельмі моцная, і не павінна абмяжоўвацца толькі мацярынствам.Ён прызнаўся, што да сённяшняга дня не выпрацавана дакладная “тэалогія жанчыны” і ў яго планах зрабіць гэта. “Не можна зразумець Касцёла без жанчын”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што, у той жа момант, размова не можа ісці пра пасвячэнні жанчын, і гэта канчаткова. “Жанчына ў Касцёле, вельмі важная(...), наколькі, над гэтым мы павінны разважаць і тлумачыць лепш”, - сказаў Францішак.

Папа закрануў пытанне ўдзелу ў жыцці Касцёла асоб, якія жывуць у паўторных сужэнскіх саюзах. На думку Пантыфіка, гэта сапраўдны выклік для тэалогіі, трэба развіваць сужэнскае душпастырства ў накірунку дапамогі такім асобам. І тут не дастаткова вырашыць праблему на ўзроўні касцёльных судоў, трэба развіваць менавіта душпастырства, падкрэсліў Святы Айцец.

Прагучала і пытанне пра прысутнасць “гей-лобі” у Ватыкане, на што Папа адказаў, што да гэтага часу ён не сустрэўся з такой з’явай. Ён адзначыў, што само паняцце лобі ўжо носіць на сабе адмоўны адбітак. Лобі палітычнае, масонскае, кожнае іншае – гэта заўсёды дрэнна. “Калі чалавек з’яўляецца геем і шукае Пана і мае добрыя намеры, хто я такі, каб судзіць яго?”, - запытаўся
Францішак. Тым больш што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць, што не трэба ізаляваць гэтых людзей, яна павінны быць інтэграваны ў грамадства.

Прэс-канферэнцыя на борце самалёта не была запланавана папярэдне і насіла спантанны характар. Папярэднікі Францішка праводзілі сустрэчы з журналістамі ў самалёце перад пачаткам падарожжа. Прэс-канферэнцыя 29 ліпеня, на заканчэнне візіту ў Бразілію, стала новаўвядзеннем.







All the contents on this site are copyrighted ©.