2013-07-29 12:43:15

Папа на развітанне: зрабіце стаўку на Хрыста і Яго Евангелле


RealAudioMP3 Каля паўночы па мясцовым часе 28 ліпеня адбылася цырымонія развітання з папам Францішкам у аэрапорце Рыа-дэ-Жанейра. Пантыфік скончыў свой візіт у Бразілію на Сусветныя дні моладзі. Ён падзякаваў усім, асабліва Прэзідэнту краіны Дзілме Русэф, за сардэчны прыём на бразільскай зямлі Наступніка св. Пятра. Святы Айцец прызнаўся, што вернецца ў Рым з сэрцам, напоўненым шчаслівымі ўспамінамі. “У мяне ўжо пачынаецца настальгія - прызнаўся ён - настальгія па Бразіліі, па гэтым народзе настолькі вялікім і і з настолькі вялікім сэрцам, па гэтых людзях, настолькі добразычлівых”.

У Папы пасля Сусветных дзён засталося ўражанне, што Хрыстус жыве і на самой справе прысутнічае ў жыцці незлічоных маладых людзей, якіх ён сустрэў у Рыа-дэ-Жанейра. Пантыфік спадзяецца, як ён адзначыў у сваёй развітальнай прамове, што многія з іх пасля гэтага форуму стануць сапраўднымі місіянерамі цывілізацыі любові. Папа яшчэ раз заклікаў моладзь дэманстраваць жыццём, што варта імкнуцца да высокіх ідэалаў, садзейнічаць годнасці кожнага чалавека, і зрабіць стаўку на Хрыста і Яго Евангелле. Францішак запрасіў маладых людзей абвяшчаць Добрую Навіну ў вялікіх і малых гарадах і ва ўсіх месцах гэтага вялізнага свету. Ён заклікаў Маці Божую з Апарэсіды, каб яна дапамагла ў гэтым. На зканчэнне Папа папрасіў не забывацца маліцца за яго.

Пасля амаль 12-гадзіннага пералёту самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся 29 ліпеня раніцай у рымскім аэрапорце “Чампіна”. Пілігрымка ў Бразілію стала першым міжнародным візітам папы Францішка.







All the contents on this site are copyrighted ©.