2013-07-28 12:27:33

Моладзь падчас абеду пыталася Святога Айца пра сваю будучыню


RealAudioMP3 У пятніцу 26 ліпеня ў арцыбіскупскім палацы Рыа-дэ-Жанейра папа Францішак паабедаў разам з групай з 12 маладых пілігрымаў, якія прыбылі на Сусветныя дні моладзі – прадстаўнікоў розных кантынентаў і краін. Сярод гасцей Святога Айца была таксама маладая расіянка з Санкт-Пецярбурга Паліна Грыгор’ева. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё яна распавяла аб гэтым незвычайным запрашэнні і размове са Святым Айцом. Паліна прызналася, што недзе тыдзень таму атрымала е-мэйл з пазнакай “цалкам сакрэтна” і запрашэннем прыняць удзел у абедзе з Папам. “Спачатку я падумала, што гэта нейкі жарт”, - прызналася дзяўчына і дадала, што дагэтуль не да канца верыць, што ёй выпаў такі шанец “паразмаўляць з Папам так доўга і так блізка”.

“Трэба адзначыць, што я вельмі ўражана Папам. Я не чакала, што такі публічны чалавек можа быць такім блізкім і настолькі разумець праблемы сучаснай моладзі. Наша размова ў асноўным складалася з нашых пытанняў і адказаў Святога Айца. Нашы пытанні падзяліліся паміж двума тэмамі: эканамічнай і рэлігійнай. Папа казаў аб тым, што сёння вельмі важна не згубіць чалавечую складаючую нашай працы, бо шмат людзей зараз працуюць выключна дзеля грашэй; і гэта складае для іх адзіную каштоўнасць. Паводле Папы, мы павінны здзейсніць рэвалюцыю, бо ў руках моладзі будучыня. Мы павінны ісці па шляху міласэрнасці і любові”, - распавяла Паліна Грыгор’ева.

Моладзь пацікавілася, як можна быць блізкім да Хрыста не будучы святаром ці законнікам, калі трэба “дзяліць” сваё сэрца паміж Богам і сям’ёй, працай, сябрамі. На што Папа адказаў, што блізкім да Езуса можна і трэба быць праз тых, хто знаходзіцца побач. “Хрыста мы можам любіць, толькі любячы сяброў”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што сэрца хрысціяніна павінна быць адкрытым для кожнага.

“Гэта была незвычайная падзея ў маім жыцці. Зараз я адчуваю сябе адказнай, бо Папа сказаў мне, што будзе маліцца за Расію, каб яна яшчэ больш прысвяціла сябе Божай Маці. Ён вельмі спадзяецца, што як небудзь да нас усё ж такі даберыцца. І мы будзем маліцца аб гэтам”, - сказала дзяўчына.

Паліна прызналася, што знаходзячыся ў Рыа яна адчула, што Касцёл – гэта малады арганізм, што гэта арганізм адзіны. Ні на адным іншым мерапрыемстве такога маштабу не можна сустрэць столькі ветлівасці, павагі, паразумення, такой любові адно да аднаго.







All the contents on this site are copyrighted ©.