2013-07-27 16:53:10

Святы Айцец сустрэўся з палітычнымі, грамадскімі і рэлігійнымі лідэрамі Бразіліі


RealAudioMP3 Тыя, хто адыгрывае ў дзяржаве адказную ролю, пакліканы глядзець у будучыню, лічыць Святы Айцец. 27 ліпеня ён сустрэўся ў гарадскім тэатры Рыа-дэ-Жанейра з бразільскімі палітыкамі, дыпламатамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, культуры і найбуйнейшых рэлігійных супольнасцяў. Франшішак заклікаў іх берагчы арыгінальнасць культурнай традыцыі Бразіліі, салідарна будаваць будучыню краіны і весці канструктыўны дыялог для вырашэння бягучых праблем. Менавіта бразільскай культуры, на думку Папы, мае ўнікальную здольнасць інтэграваць розныя элементы, менавіта бразільцам характэрна цэласнае бачанне чалавечай асобы, якое адпавядае Евангеллю. “Клопат пра ўсебаковае развіццё цывілізацыі і культуры сустрэчы і адносін – гэта хрысціянскі спосаб развіцця агульнага дабра, радасці жыцця. І тут зыходзяцца разам вера і розум”, - адзначыў Папа.

Францішак заклікаў прадстаўнікоў улады да “грамадскай адказнасці”, элементам якой з’яўляецца “фарміраванне новых пакаленняў, каб яны маглі добра займацца эканомікай і палітыкай і рашуча абараняць этычныя каштоўнасці”. Будучыня, на думку Пантыфіка, патрабуе гуманістычнага бачання эканомікі і палітыкі, без “элітарызму” і галечы. Папа лічыць, што палітыкі павінны ставіць мэты і асягаць іх, каб не выклікаць у людзях “расчаравання, крыўды і абыякавасці”.

Акрамя інтэгральнага гуманізму, які паважае самабытнасць культуры, і грамадскай адказнасці, фундаментальнае значэнне мае канструктыўны дыялог – “дыялог паміж пакаленнямі, дыялог з народам, здольнасць даваць і атрымліваць, застаючыся адкрытым да ісціны”, - падкрэсліў Францішак. На думку Папы, краіна будзе развівацца, калі ў ёй адбываецца дыялог паміж “рознымі культурнымі багаццямі”.

“Не можна ўявіць сабе будучыню грамадства без вялікага ўкладу маральных сіл у дэмакратыю, каб яна ніколі не была зачынена ў чыстай логіцы прадстаўлення тых, хто мае ўсталяваныя інтарэсы”, - падкрэсліў Святы Айцец. “Свецкасць дзяржавы спрыяе мірнаму суіснаванню розных рэлігій” і “шануе прысутнасць рэлігійнага фактару ў грамадстве”, - дадаў Папа.

Францішак прызнаўся, што, калі лідэры ў розных галінах просяць у яго парады, ён заўсёды адказвае аднолькава, патрэбны дыялог, і толькі ён. “Толькі ў гэтым выпадку можа развівацца ўзаемапаразуменне паміж культурамі і рэлігіямі, павага адзін да аднаго, без неабгрунтаваных прэтэнзій, з павагай да правоў кожнай асобы”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да бразільскіх палітычных, грамадскіх і рэлігійных лідэраў.







All the contents on this site are copyrighted ©.