2013-07-27 10:33:15

Папа: праз крыж Езус яднаецца з моладдзю, якая страціла веру ў Касцёл і Бога


RealAudioMP3 Тры пытанні задаў Святы Айцец моладзі, якая сабралася вечарам 26 ліпеня на ўзбярэжжы Копакабана ў Рыа-дэ-Жанейра, каб удзельнічаць у набажэнстве Крыжовага Шляху. Папа Францішак запытаўся ў маладых бразільцаў, што яны “заставілі на крыжы” Сусветных дзён моладзі, які на працягу апошніх двух гадоў падарожнічаў па Бразіліі? Пантыфік таксама запрасіў моладзь спытацца ў сябе, “што пакінуў крыж Езуса ў кожным з іх” і “чаму вучыць гэты крыж іх жыццё”? Францішак нагадаў гісторыю св. Пятра, які, уцякаючы ад пераследу, сустрэў Хрыста і спытаў яго: “Пане, куды ідзеш?”, на што Езус адказаў: “Я іду ў Рым, каб мяне зноў укрыжавалі” . І толькі тады Пётр зразумеў, што павінен ісці за Панам да канца, і, перш за ўсё, ён зразумеў, “што ніколі не быў самотны на сваім шляху”.

“Езус са сваім крыжам перасякае нашы шляхі і бярэ на сябе нашы страхі, нашы праблемы, нашы пакуты, нават самыя глыбокія. Праз крыж Езус яднаецца з маўчаннем ахвяр насілля ў сям’і, якія не могуць больш плакаць, асабліва нявінных і безабаронных. Праз крыж, Езус злучаецца з сем’ямі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, якія аплакваюць трагічную страту сваіх дзяцей (...). Праз крыж Езус аб’ядноўваецца з ўсімі людзьмі, якія пакутуюць ад голаду ў свеце, які з іншага боку, дазваляе сабе раскошу кожны дзень тонамі выкідваць ежу. Праз крыж Езус яднаецца са шматлікімі маці і бацькамі, якія церпяць ад таго, што іх дзяці сталі ахвярамі ілжывых раяў, такіх як наркотыкі. Праз крыж Езус яднаецца з тымі, якіх пераследуюць з-за рэлігіі, за перакананні ці проста з-за колеру іх скуры. Праз крыж Езус злучыўся з многімі маладымі людзьмі, якія страцілі давер да палітычных інстытутаў, таму што бачаць эгаізм і карупцыю, або страцілі веру ў Касцёл, і нават у Бога, з-за неадпаведнасці хрысціян і слуг Евангелля”, - сказаў Папа.

Крыж Хрыста застаўляе дабро ў кожным, хто з ім сутыкнуўся, адзначыў Францішак. “У крыжы Хрыста ўся любоўю Бога, Яго неабдымная міласэрнасць”, - дадаў ён. “З Езусам зло, цярпенне і смерць не маюць апошняга слова, бо Ён дае нам надзею і жыццё; ён ператварыў крыж з інструменту нянавісці, паразы, смерці, у знак любові, перамогі і жыцця”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што першая назва Бразіліі гучала як “Зямля Святога Крыжа”.

Крыж Хрыста, адзначыў Святы Айцец, заклікае кожнага хрысціяніна глядзець на бліжняга са спачуваннем і любоўю, асабліва на таго, хто пакутуе, хто мае патрэбу ў дапамозе, чакае добрага слова і жэсту. Крыж Езуса вучыць быць такім, як Сымон Кірэнеец, які дапамагаў Езусу несці вялікае дрэва, як Марыя і іншыя жанчыны, якія не баяліся суправаджаць Езуса з любоўю і пяшчотай да канца. “А ты, кім ёсць ты?, - запытаў Папа маладых людзей - Пілатам, ці Сымонам Кірэнейцам або Марыяй?”.

“Да Хрыстовага крыжа мы прыносім нашы радасці і цярпенні, нашы няўдачы. Мы знойдзем адкрытае сэрца, што разумее нас, даруе нам, любіць нас і хоча, каб мы неслі тую ж любоў у наша жыццё, каб мы любілі кожнага нашага брата і сястру такой жа любоўю”, - сказаў маладым людзям пасля Крыжовага Шляху папа Францішак.

Медытацыі, спалучаныя традыцыйна з 14 стацыямі мукі і смерці Езуса, былі прысвечаны праблемам і пакутам сучаснай моладзі. 280 прафесійных і непрафесійных акцёраў з многіх краін стварылі на набярэжнай Копакабана складаныя тэатральных сцэны, якія перанеслі пілігрымаў на вуліцы Ерузалема 2000-гадовай даўніны. У цэнтры набажэнства знаходзіліся драўляны крыж і абраз Маці Божай, галоўныя сімвалы Сусветных дзён моладзі.

Побач з Папам сядзелі спецыяльна запрошаныя ім з Аргентыны 35 зборшчыкаў смецця. Яны прадстаўлялі 9 тыс. сваіх калег, якія такім чынам зарабляюць сабе на жыццё ў Буэнас-Айрэсе. Усяго ў Аргентыне налічваецца 100 тыс. “Cartoneros”, большасць з якіх сталі ахвярамі аргентынскага эканамічнага крызісу 2001 года.







All the contents on this site are copyrighted ©.