2013-07-27 18:46:05

Папа да бразільскіх біскупаў: пакора – гэта “ДНК Бога”


RealAudioMP3 “Пакора – гэта “ДНК Бога”, - адзначыў папа Францішак у сваім звароце да бразільскіх біскупаў, з якімі сустрэўся вечарам 27 ліпеня. Святы Айцец адзначыў, што жадае звярнуцца да іерархаў не проста з “фармальнай прамовай”, але з нечым большым – падзяліцца некаторымі асабістымі разважаннямі. “Лодка Касцёла не мае моцы вялікіх трансантлантычных лайнераў, якія перасякаюць акіян. Аднак Бог хоча аб’явіцца менавіта праз нашы сродкі, бедныя сродкі, таму што Ён заўсёды дзейнічае”, - адзначыў Папа і дадаў, што душпастырства павінна ў першую чаргу абапірацца не на багацце рэсурсаў, а на “крэатыўнасць любові”. Святы Айцец пазітыўна ацаніў развіццё Каталіцкага Касцёла ў Бразіліі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Ён нагадаў, што ў часы І Ватыканскага Сабора тут было 12 дыяцэзій, а зараз – 275. Ён станоўча адзначыў душпастрыскую дзейнасць бразільскага духавенства і іх імкненне да рэалізацыі рашэнняў ІІ Ватыканскага Сабора.

Францішак заклікаў не апускаць рукі перад цяжкасцямі і глядзець у будучыню праз прызму евангельскага апавядання пра сустрэчу Езуса з вучнямі на дарозе ў Эмаўс: калі многія знаходзяцца ў адчаі і адзіноце, Касцёл павінен выйсці ім насустрач і быць здольным весці дыялог. “Я б хацеў, каб мы ўсе спыталі сябе сёння: ці мы яшчэ з’яўляемся Касцёлам здольным запальваць сэрцы?”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца, многія пакінулі Касцёл таму што ім спрабавалі прапанаваць штосьці, што павінна было падмяніць сабой любоў Хрыста, якая праявілася праз крыжовае прыніжэнне.

Францішак звярнуў увагу іерахаў на шэраг выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам у Бразіліі на дадзеным гістарычным этапе. Па-першае, ён адзначыў важнасць чалавечага, культурнага, эмацыянальнага, духоўнага і дактрынальнага выхавання духавенства. Папа заклікаў мець адвагу глыбока пераглядзець сістэму падрыхтоўкі святароў. “Біскупы не могуць давяраць гэта заданне іншым”, - сказаў Папа і падкрэсліў, што яго выканне мае фундаментальнае значэнне для будучыні Касцёла.

Таксама Пантыфік адзначыў важнасць калегіяльнасці і салідарнасці ўнутры біскупскай канферэнцыі. Ён заклікаў да “бесперапыннай місіянерскай дзейнасці” і пастаяннага “душпастрыскага навяртання”. Паводле Папы, трэба працягваць актыўна працаваць з моладдзю, умацоўваць сем’і і спрыяць актыўнай прысутнасці жанчын у касцёльных супольнасцях. “Губляючы жанчын, Касцёл рызыкуе стаць бясплодным”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра ролю, якую Каталіцкі Касцёл павінен граць у жыцці грамадства, спрыяючы свабодзе, адзінству, развіццю адукацыі, сістэмы аховы здароўя і грамадскаму міру. Між іншым, Папа адзначыў неабходнасць дзейнасці Касцёла сярод карэнных народаў Бразіліі, якія пражываюць у Амазоніі. На думку Святога Айца, менавіта Касцёл павінен быць абаронцам навакольнага асяроддзя ў гэтым рэгіёне.

Каталіцкі Касцёл у Бразіліі складаецца з 44 мітрапалітальных дыяцэзій, 213 дыяцэзій, 3 епархій, 11 прэлатур, аднаго экзархату, аднаго вайсковага ардынарыяту і адной Персанальнай апостальскай адміністратуры. Імі кіруюць 459 біскупаў, сярод якіх 9 кардыналаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.