На асаблівую ўвагу
папы Францішка да моладзі, якая знаходзіцца ў выпраўленчых установах, звярнуў увагу
кс. Фэдэрыка Ламбардзі 26 ліпеня. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы адзначыў,
што Святы Айцец асабіста пажадаў уключыць у праграму свайго удзелу ў Сусветных днях
моладзі сустрэчу са зняволенымі. Яна адбудзецца ў архідыяцэзіяльнай курыі Рыа-дэ-Жанейра
ў прыватнай абстаноўцы. У сустрэчы прымуць удзел пяць зняволеных, а таксама суправаджаючыя
іх асобы. Паводле святара, падчас пералёту ў Бразілію Папа прызнаўся, што кожныя два
тыдні тэлефануе групе маладых людзей з адной з выпраўленчых устаноў Буэнас-Айрэса.
З імі Пантыфік захоўвае сяброўскія адносіны і захоўвае пастаянны кантакт з часу, калі
жыў у Аргентыне. “Такім чынам, тэма адносін са зняволенай моладдзю для яго вельмі
важная і мы маглі гэта назіраць яшчэ ў Вялікі Чацвер”, - сказаў кс. Ламбардзі, узгадваючы
візіт Францішка ў рымскую калонію для непаўналетніх, падчас якога ён абмыў ногі некалькім
зняволеным.