2013-07-24 10:23:39

СДМ у Рыа-дэ-Жанейра – старт дадзены: паўмільёна моладзі разам


RealAudioMP3 Вялікай Эўхарыстыяй на знакамітым узбярэжжы Копакабана 23 ліпеня ўвечары (па мясцовым часе) адкрыліся 28-я Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Нягледзячы на праліўны дождж і даволі нізкую тэмпературу – 15 градусаў – па дадзеных паліцыі, у св. Імшы ўзялі ўдзел больш за 500 тыс. маладых людзей з усяго свету. Маладыя вернікі весела махалі сцягамі сваіх краін і спявалі. Эўхарыстыю, якую канцэлебравалі больш за 1500 святароў, біскупаў і кардыналаў, узначаліў арцыбіскуп Рыа, Арані Жоао Тэмпеста. Яна праходзіла пад узмоцненай аховай паліцыі і сіл бяспекі. Як адзначыў старшыня Папскай рады па справах свецкіх, кардынал Станіслаў Рылка, падчас свайго прывітальнага слова на адкрыцці Сусветных дзён моладзі, форум праз 26 гадоў вярнуўся ў Лацінскую Амерыку, якая, па словах іерарха, з’яўляецца “кантынентам надзеі”. Ён заклікаў моладзь даверыць Хрысту свае планы на будучыню, радасць і смутак, самыя цяжкія выбары, свае страхі і трывогі. “Маладосць сама па сабе з’яўляецца вялізным багаццем: вы з’яўляецеся яго ўладальнікамі, і вы павінны зрабіць яго плённым!”, - заклікаў ватыканскі кардынал. “Той, хто выбірае Хрыста, не губляе нічога, абсалютна нічога, але – наадварот – здабывае ўсё і знаходзіць сапраўднае шчасце і паўнату жыцця!”, - дадаў іерарх.


Святы Айцец традыцыйна не ўдзельнічаў у адкрыцці форуму. Ён возьме ўдзел у іншых галоўных мерапрыемсттвах Дзён моладзі: Крыжовым шляху, Вігіліі і заключнай св. Імшы, у якой, паводле апошніх ацэнак арганізатараў, прыме ўдзел каля 1,5 млн. чалавек.

Арганізацыйны камітэт не выключае зніжэння колькасці пілігрымаў з-за нетыпова халоднага для Рыа-дэ-Жанейра надвор’я: тэмпература каля 15 градусаў апоўдні і халодны вецер з мора з’яўляюцца выключэннем для паўднёва-амерыканскага горада. У некаторых раёнах Бразіліі ноччу былі зарэгістраваны ападкі ў выглядзе снега. Па дадзеных сіноптыкаў такое надвор’е будзе панаваць на працягу некалькіх дзён.

Апошнія Сусветныя дні моладзі на лацінаамерыканскім кантыненце прайшлі ў 1987 г. у сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе. Гэта быў другі ў гісторыі моладзевы форум з моманту яго заснавання ў 1985 г. папам Янам Паўлам II. Першыя Дні адбыліся ў Рыме ў 1985 г. Папская рада па справах свецкіх з’яўляецца іх галоўным арганізатарам.







All the contents on this site are copyrighted ©.