2013-07-23 11:27:23

Францішак хоча заахвоціць маладых людзей быць сведкамі надзеі і будаўнікамі міру


RealAudioMP3 На Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра папа Францішак хоча заахвоціць маладых людзей быць “сведкамі надзеі і будаўнікамі міру”. Гэта вынікае з тэлеграмы, якую Пантыфік накіраваў да італьянскага Прэзідэнта Джорджа Напалітана. Яна была апублікавана ў панядзелак раніцай, неўзабаве пасля адлёту Святога Айца. Францішак пажадаў італьянцам “спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні”. Напалітана, у сваім адказе, назваў першую замежную паездку Папы важным сігналам. На яго думку, менавіта ў гэты час культурных і эканамічных пераўтварэнняў многія маладыя людзі чакаюць падтрымкі і надзеі.

Прэм’ер-міністр Італіі Энрыка Летта прыбыў 22 ліпеня ў рымскі аэрапорт “Ф’юмічына”, каб суправаджаць Францішка перад яго падарожжам у Рыа. Папа нёс свой багаж, чорны партфель, сам.

Варта нагадаць, што за тры дні да свайго ад’езду на Сусветныя дні моладзі, Святы Айцец наведаў свайго папярэдніка, Бэнэдыкта XVI. Падчас паўгадзіннай размовы ў рэзідэнцыі Папы на пенсіі, Францішак прасіў яго аб малітве і “духоўнай блізкасці” падчас сваёй пілігрымкі ў Бразілію. 86-гадовы Пантыфік на пенсіі атрымаў праграму вялікай моладзевай падзеі і памятны медаль. Бэнэдыкт XVI паабяцаў маліцца за ўдзельнікаў і прызнаўся, што атрымаў “інтэнсіўны і выдатны досвед” падчас свайго пантыфікату, беручы ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Кёльне, Сіднэі і Мадрыдзе. Аб сустрэчы ў Рыа-дэ-Жанейра абвясціў таксама ён, у 2011 г.

Папа застанецца ў Бразіліі тыдзень. Апрача ўдзелу ў мерапрыемствах Сусветных дзён моладзі, запланавана яго паездка ў марыйны санктуарый у Апарэсідзе і сустрэчы з прадстаўнікамі Касцёла і грамадства. Францішак з моманту свайго абрання на Пасад св. Пятра 13 сакавіка 2013 г. упершыню вяртаецца ў Лацінскую Амерыку. Паведамленні некаторых іерархаў аб тым, што Папа хоча наведаць родную Аргентыну ў снежні 2013 г. пакуль не былі пацверджаны афіцыйна.

Падчас свайго тыднёвага знаходжання ў Рыа-дэ-Жанейра Францішак будзе пражываць у гасцявым доме дыяцэзіяльнага адукацыйнага цэнтра “Centro de Estudos do Sumaré” на поўначы Рыа-дэ-Жанейра. Плошча пакою Папы складае каля 45 м.кв. Ён аформлены ў белым колеры і абсталяваны сталом, ложкам, крэслам і халадзільнікам. Францішак мог мець у два разы большы люкс з двума пакоямі, але пажадаў жыць ў такіх умовах, якія маюць кардыналы, якія будуць пражываць у Цэнтры падчас пілігрымкі Пантыфіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.