2013-07-23 10:26:51

Папа ў Рыа: паездка на малалітражцы і сустрэча з натоўпам


RealAudioMP3 Першая замежная пілігрымка Папы на Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра пачалася з падзеі, якая стала сапраўдным выклікам для службы бяспекі. Падчас падарожжа Францішка па горадзе ў невялікім малалітражным аўтамабілі, натоўп вернікаў акружыў машыну. Сярэбраны “Fiat Idea” затрымаўся. На вуліцы не былі пастаўлены звычаныя металічныя ахоўныя бар’еры, бо тут не прадугледжвалася затрымання аўто з Пантыфікам. Францішак быў толькі ў суправаджэнні некалькіх ахоўнікаў і трох аўтамабіляў бразільскай паліцыі. Сакратар Святога Айца глядзеў на гэта ўсё з трывогай, але Папа пачаў вітаць народ, паведаміў пасля кіраўнік Залы Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Святар адзначыў “унікальны досвед” і “вялікі энтузіязм” народа. Толькі за некалькі кіламетраў да Губернатарскага палацу, дзе была запланавана павітальная цырымонія, Пантыфік пагадзіўся з довадамі сіл бяспекі і сеў у верталёт, выкліканы спецыяльна, каб дабрацца да ўрадавай рэзідэнцыі. Не гледзячы на ўсё гэта, сітуацыя з бяспекай не выходзіла з-пад кантролю, заявіў кс. Ламбардзі.

Паводле прадстаўніка Святога Пасаду, Папа быў “вельмі задаволены” прыёмам у Рыа. Праграму нязначна змяніў толькі гэты кароткі пералёт Пантыфіка верталётам, які быў здзейнены па патрабаванні бразільскіх уладаў, паколькі ўезд у Губернатарскі палац быў заблакаваны вялікім натоўпам народу, патлумачыў кіраўнік Залы Друку.

Кс. Ламбардзі выказаўся і адносна выбуховай прылады, якая была знойдзена ў панядзелак у Апарэсідзе, куды Папа накіруецца 24 ліпеня. Гэты інцыдэнт не мае нічога супольнага з запланаваным падарожжам Францішка, заявіў прадстаўнік Святога Пасаду, спасылаючыся на бразільскую паліцыю, і не паўплывае на візіт Папы, бо не выклікае “ніякіх прычын для турботы”, таксама з боку Францішка.

У адрозненне ад Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла II, Францішак адмовіўся ад прэс-канферэнцыі падчас палёту з Рыма ў Рыа. Адбылася толькі яго кароткая сустрэча з журналістамі.

Аўторак 23 ліпеня заяўлены як дзень адпачынку Пантыфіка пасля доўгага 12-гадзіннага пералёту. Сёння не прадугледжаны ніякія адкрытыя падзеі з яго ўдзелам. Урачыстасці адкрыцця Сусветных дзён моладзі традыцыйна пройдуць у другой палове дня без Святога Айца.







All the contents on this site are copyrighted ©.