2013-07-22 13:19:33

Бразільская прэса: прыбывае “Папа бедных “


RealAudioMP3 Бразільскія масс-медыя прысвячаюць шмат увагі візіту папы Францішка ў іх краіну. Найбольш папулярная газета краіны “Veja”, якая выходзіць тыражом 1.2 млн. экзэмпляраў. На галоўнай старонцы дае артыкул пад загалоўкам: “Папа бедных”. У ім звяртаецца ўвага на значэнне “так доўгачаканай” прысутнасці Святога Айца ў Бразіліі ў “выбуховы момант” як для ўсёй краіны, так і для яе Каталіцкага Касцёла. “Папа-езуіт з душой св. Францішка, абронца пакоры і магчымасцяў для бедных, спадзяецца, што яго жэсты і словы стануць лейтматывам для моладзі з усяго свету да таго, каб паводзілі сябе як сапраўдныя хрысціяне” – адзначае газета.

Спецыяльны дадатак “Veja Rio” прадказвае, што Сусветныя дні моладзі стануць “святам веры”. Газета пералічвае важнейшыя мерапрыемствы, якія прымеркаваны для гэтай нагоды. Гэта выставы шэдэўраў рэлігійнага мастацтва ў музеях, выставы фотаздымкаў Маці Тэрэзы з Калькуты ў гандлёвым цэнтры , ці спектакль “Ювелірная Крама” паводле Караля Вайтылы.

Штотыднёвік людзей бізнесу “Carta Capital” адзначае, што Папа, паслядоўнік св. Францішка, хоча адшукаць месца Каталіцкаму Касцёлу ў сучасным свеце. Часопіс падкрэслівае простую мову, якой карыстаецца Святы Айцец. “Папа прымяняе спрашчэнні як культурны выклік, дзеля таго, каб тое, што хоча перадаць, гучала больш пранізліва”, - адзначыў штотыднёвік.

Дзесяць багата ілюстраваных старонак прысвячае Папе і яго візіту штотыднёвік “Contigo!”. У артукуле ўзгадваюцца найбольш важныя падзеі з пантыфіката Францішка, падаецца праграма візіту Папы, а таксама кароткая гісторыя папярэдніх візітаў біскупаў Рыма ў Бразілію. У артыкуле адзначаецца, што Пантыфік папрасіў просты апартамент, адмовіўся ад прапанаванай шыкоўнай машыны і люксу на борце самалёту. На вокладцы штотыднёвіка змешчана фатаграфія Папы і надпіс: “Прывітанне - Францішак”.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.