2013-07-19 11:05:29

Кіраўніцтва Ватыканскага банка настроена рашуча на вырашэнне праблем


RealAudioMP3 Кіраўніцтва Інстытута рэлігійных спраў настроена вельмі рашуча для вырашэння праблемных пытанняў. Эрнст фон Фрэйберг, кіраўнік Ватыканскага банка, заявіў, што да завяршэння дзеяння свайго мандату ў 2015 г., ён жадае ператварыць установу ў “чысты”, з добрай функцыянальнасцю, інстытут. Аб гэтым галоўны ватыканскі банкір сказаў у інтэрв’ю нямецкаму эканамічнаму журналу “Manager magazin”. Сваю місію фон Фрэйберг бачыць у рэалізацыі ідэй папы Францішка. “Тое, што Святы Айцец затым зробіць з Інстытутам рэлігійных спраў, будзе выключна яго рашэннем”, - сказаў фінансіст.

Трэба нагадаць, што Ватыканскі банк ужо зведаў некаторыя структурныя пераўтварэнні. У пачатку ліпеня Інстытут пакінулі дырэктар і яго намеснік Паола Чыпрыяні і Масіма Тулі. Таксама Пантыфік стварыў дадатковую рэферэнтную камісію з вялікімі паўнамоцтвамі, якая займаецца падрабязным вывучэннем прававога становішча Ватыканскага банка і павінна дапамагчы ў лепшай узгодненасці працы ўстановы з паўсюднай місіяй Апостальскай Сталіцы. У яе склад увайшлі некалькі іерархаў і прафесар Гарвардскага ўніверсітэта.

Нямецкі банкір, які ўзяў на сябе кіраванне Ватыканскім банкам паўгода таму, нагадаў, што ў дадзены момант трывае праверка ўсіх рахункаў установы, якую праводзіць спецыялізаваная кансалтынгавая фірма.

Кіраўнік ватыканскага Бюро фінансавай інфармацыі, Рэнэ Брульхарт, у нядаўнім інтэрв’ю яшчэ аднаму нямецкаму выданню “Die Presse”, не выключыў, што ў справах Ватыканскага банка яшчэ могуць хавацца нейкія “фінансавыя бомбы”. Аднак, вырашальнае значэнне тут мае факт, што ўжо выпрацаваны інструменты, з дапамогай якіх можна вызначыць і вырашыць гэтыя праблемы.







All the contents on this site are copyrighted ©.