2013-07-19 12:48:38

Агульнабеларуская сустрэча каталіцкай моладзі пройдзе каля Мінска


RealAudioMP3 Івянец рыхтуецца прыняць ІІІ Агульнабеларускую сустрэчу каталіцкай моладзі. 26-28 ліпеня невялікае мястэчка ў Мінскай вобласці стане сапраўдным духоўным цэнтрам. Сёлета тут чакаюць больш за тысячу ўдзельнікаў з усёй Беларусі. Сустрэча моладзі стала традыцыяй і, анансуючы гэту падзею, адказны за рэалізацыю яе праграмы кс. Юрый Санько часта ўжывае слова “традыцыя”. Але ж ёсць і асаблівасці гэтага года, у прыватнасці чакаецца шмат новых знаёмстваў, паведаміў кс. Санько.

“Мы з кожным годам стараемся ўзбагаціць праграму, каб моладзі было цікава. Таму што нашы сутрэчы часам – гэта адны канферэнцыіі і пасяджэнні, і моладзі становіцца не цікава. Моладзь зараз жыве па-іншаму – ёй трэба бачыць, чуць, рухацца. Таму ў Івянец прыедзе вядомы музыкант з ЗША кс. Стэн Фартуна. Ён працуе з моладдзю, якая ўвогуле не толькі далёка ад Касцёла, але і ад грамадства. І рэалізуе гэту місію праз музыку. Таксама прыедзе рэжысёр з Польшчы Дамінік Тарчынскі, аўтар шматлікіх фільмаў. Адбудзецца прагляд фільма пра навяртанне Калумбіі, каб моладзь магла дакрануцца да падзей, якія адбываюцца у свеце і параўнаць”, - сказаў кс. Санько.

Беларуская моладзь зможа дакрануцца да яшчэ адной вельмі важнай падзеі. Агульнабеларуская сустрэча будзе праходзіць паралельна з Сусветнымі днямі моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра, куды таксама адправілася невялікая колькасць беларускіх пілігрымаў. На экранах у Івянцы можна будзе ўбачыць тое, што адбываецца за акіянам на іншым кантыненце. Гэта будзе сваеасаблівы тэлемост, які злучыць Івянец і Рыа.

“Гэта будзе фільм аб самых важных момантах сустрэчы моладзі ў Рыа – сустрэча з папам Францішкам, яго прамова да моладзі. Мы робім гэта, каб адчуць адзінства з Бразіліяй, лучнасць з Паўсюдным Касцёлам і са Святым Айцом. Мы гэта будзем паказваць у нядзелю 28 ліпеня перад Св. Імшой”, - падзяліўся арганізатар моладзевай сустрэчы.

Увогуле, праграма трох дзён насычаная, як заўсёды – адкрываць сустрэчу будзе “Музычная майстэрня”, падчас яе адбудзецце шмат канферэнцый і круглых сталоў па актуальных пытаннях – “In vitro”, “Сексуальнае выхаванне моладзі”, “Мая адказнасць за Касцёл”, “СМІ ў новай евангелізацыі” – тэму для разважанняў зможа знайсці кожны. “Стараемся падбіраць такія тэмы, каб яны сапраўды былі актуальныя. Гэта такі практычны вынік ад сустрэчы. А ёсць яшчэ і духоўны пажытак, бо шмат часу адводзіцца на малітву, на споведзь. Ёсць пункт праграмы “Рахунак сумлення”, дзе малады чалавек можа падрыхтавацца да споведзі. Пасля кожнай канферэнцыі ёсць час на размову са святаром. Можа не кожны адважыцца ў сваёй парафіі задаць нейкае пытанне святару, а тут ёсць такая магчымасць”, - сказаў кс. Юрый.

Звычайным таксама стала задаваць пытанні біскупам – іх дасылаюць ужо зараз на электронную скрынку. Чакаецца, што амаль ўсе беларускія іерархі прыедуць на сустрэчу з моладдзю ў Івянец. Будзе і магчамасць дакрануцца да рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, якія знаходзяцца ў перэгрынацыі па Беларусі. Дэвіз сёлета гучыць: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”, таму, упэўнены арганізатары, пасля сустрэчы моладзі павінна хапіць эмоцый і зараду актыўнасці надоўга, каб ісці і несці Евангелле ўжо ў сваіх парафіях, сярод сваіх аднагодкаў, у сваім штодзённым жыцці.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.