2013-07-18 14:33:42

Кардынал Каспер: Францішак – ні кансерватыўны, ні прагрэсіўны


RealAudioMP3 Кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв’ю італьянскай газеце “Il Foglio”, заявіў, што папа Францішак расчаруе як кансерватараў, так і лібералаў. На думку кардынала, цяперашняга Пантыфіка “немагчыма класіфікаваць у духу класічнай еўрапейскай дыскусіі паміж кансерватарамі і прагрэсістамі”. Многія, хто называе сябе кансерватарамі, будуць расчараваныя ў Францішку, сказаў кардынал Каспер, таму што “ён не мае інтэлектуальнай вагі Бэнэдыкта XVI, а таксама таму, што ён змяніў стыль папства, не змяняючы яго зместу.

З іншага боку, тыя, хто называе сябе “прагрэсіўнымі”, таксама будуць расчараваныя, таму што Францішак “не будзе змяняць зместу веры”. Ён не будзе, напрыклад, нічога змяняць у пытанні аб цэлібаце, святарстве жанчын і ўсіх справах, аб якіх кажуць лібералы, сказаў кардынал. Пантыфік, па яго словах, “не з’яўляецца ні кансерватыўным, ні прагрэсіўным”. “Ён хоча беднага Касцёла і Касцёла для бедных”, - заявіў ён.

Пурпурат адзначыў, што кожны Папа сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі. Сёння Францішка вельмі любяць, але прыйдзе час, калі ён будзе адчуваць “нелюбоў”. Гэта нармальна, з Езусам таксама так было, - сказаў кардынал Каспер. На яго думку, цяперашняе захапленне Папам звязана з яго прастатой. Бэнэдыкт XVI таксама адрозніваўся прастатой, аднак ён прыстасаваўся да пэўнага статусу, Францішак зрабіў інакш, - адзначыў нямецкі іерарх.

Звяртаючыся да тэмы рэформы Рымскай курыі, кардынал Каспер адзначыў неабходнасць праводзіць штомесячныя сустрэчы паміж кіраўнікамі дыкастэрый і ўсталяваць прамую камунікацыю паміж імі і Папам, без пасрэдніцтва Дзяржаўнага сакратара.
Звяртаючы ўвагу на імя, якое выбраў новы Папа, кардынал Каспер адзначыў, што яно сімвалізуе беднасць і мір, а таксама аднаўленне Касцёла. Аднаўленне – гэта нешта большае чым рэформа, падкрэсліў пурпурат. На яго думку, Францішак будзе рэфармаваць Рымскую курыю, як ментальна так і структурна, і будзе рабіць гэта мэтанакіравана. Папа ведае чаго хоча. Таксама ён робіць тое, што лічыць патрэбным, падкрэсліў кардынал.

У інтэрв’ю італьянскай газеце іерарх расказаў пра крызіс сучаснага Касцёла. Гэтая праблема, на яго думку, узнікае з-за адсутнасці буйных тэолагаў. У часы II Ватыканскага Сабору былі вялікія асобы: Кангар, Анры дэ Любак, Бальтазар, Ранер, або Ратцынгер. Сёння мы маем тытулаваных тэолагаў, аднак рэдка тэолагаў з вялікай літары, - прызнаў кардынал, які сам на працягу многіх гадоў быў выкладчыкам дагматычнай тэалогіі. Тым не менш, ён перакананы, што ў сучасным свеце, хрысціянства застаецца адзінай духоўнай і інтэлектуальнай сілай, якая можа прапанаваць свету альтэрнатыву.







All the contents on this site are copyrighted ©.