2013-07-18 11:39:50

Больш за 600 падзей чакаюць удзельнікаў Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Больш за 600 бясплатных мерапрыемстваў чакаюць удзельнікаў Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра з 23 па 28 ліпеня. Канцэрты, выставы, танцы, тэатр, кіно, пешыя пілігрымкі і экскурсіі па храмам і славутасцям горада, гэта тое, што прапануюць маладым людзям арганізатары форума. Асаблівай падзеяй стане “Feira Vocacional” – свята пакліканняў. 100 манаскіх супольнасцяў ужо зарэгістраваліся для ўдзелу ў мерапрыемстве. Яно стане выдатнай прасторай, каб пагутарыць з прадстаўнікамі розных кангрэгацый. Там будуць размешчаны таксама канфесіяналы, каб даць магчымасць удзельнікам Свята прыступіць да сакрамэнту споведзі.

У Музеі выяўленчых мастацтваў Рыа-дэ-Жанейра напярэдадні ўжо адкрылася выстава “Спадчына святых”. Больш за 1000 работ з Ватыканскіх музеяў і іншых буйных італьянскіх і бразільскіх экспазіцый убачаць маладыя пілігрымы на ёй. Для аматараў музыкі арганізавана 362 канцэрты ў 19 месцах, у якіх прымуць удзел 158 музычных калектываў. Галоўным акцэнтам тут стануць тры вялікія музычныя фестывалі.

У вобласці танца і тэатра выступяць 59 гуртоў з 15 краін свету; яны выканаюць падрыхтаваныя адмыслова для Сусветных дзён моладзі творы. Для аматараў кіно будзе прапанавана 150 розных ідэй.

Тэатр, жывапіс і музыка – гэта мастацкія формы, якія дапамагаюць данесці веру і Евангелле адмысловым чынам, лічаць арганізатары форума. Усе падзеі дадуць маладым пілігрымам магчымасць “атрымаць асалоду ад культурнай разнастайнасці” і з дапамогай прывабнай формы мастацкага выказвання наблізіцца да Бога, лічыць Густава Рыбейра, кіраўнік аддзелу “Культурныя падзеі” у мясцовым аргкамітэце.







All the contents on this site are copyrighted ©.