2013-07-16 12:14:08

Папа ў Бразіліі: асаблівасці знаходжання


RealAudioMP3 Падчас свайго знаходжання ў Бразіліі на Сусветных днях моладзі, з 22 па 28 ліпеня, Папа будзе жыць у гасцявым доме дыяцэзіяльнага адукацыйнага цэнтра “Centro de Estudos do Sumaré” на поўначы Рыа-дэ-Жанейра. Тут раз у год сустракаецца на адным са сваіх пленарных пасяджэнняў Канферэнцыя Біскупаў Бразіліі. Францішак будзе жыць у адным з пакояў, які звычайна займаюць бразільскія іерархі; ён адмовіўся ад вялікіх апартаментаў. Як паведаміў арганізатар падарожжаў Пантыфіка Альберта Гасбары, будынак цэнтра – наколькі сучасны, настолькі просты, без празмернасцяў. Пакоі побач з Пантыфікам будуць займаць 40 асоб персанала, задзейнічанага ў правядзенне візіту з боку Святога Пасаду. Сястра Тэрэзіна Фернандэс, якая кіруе адукацыйным цэнтрам, прызналася, што Папе і яго супрацоўнікам будуць прапанаваны стравы мясцовай кухні.

Гасцявы дом не ўпершыню прымае Пантыфікаў, падчас сваіх двух падарожжаў у Бразілію, у 1980 і 1997 гадах, тут жыў Ян Павел ІІ.

Альберта Гасбары паведаміў, што Святы Айцец асабіста вырашыў, што на Сусветных днях моладзі будзе выкарыстоўваць “папамабіль” фірмы “Мерсэдэс” тыпу “джып” прасцейшага ўзору, без куленепрабівальнага шкла, той, якім ён карыстаецца ў Ватыкане падчас агульных аўдыенцый. У Бразілію будзе дастаўлены яшчэ адзін “запасны” “папамабіль”.

Арганізатар падарожжаў абверг чуткі, распаўсюджаныя некаторымі СМІ, адносна сітуацыі з ложкам для Папы на борце самалёта, якім Пантыфік накіруецца ў Рыа-дэ-Жанейра. Такога пытання ўвогуле не існавала. З самага пачатку было вядома, што Францішак паляціць звычайным самалётам кампаніі “Alitalia”, які ніхто не збіраўся падвяргаць нейкім пераробкам, у тым ліку з мэтай устаноўкі ложка. Не было таксама ліста Дзяржсакратарыяту да італьянскага перавозчыка з просьбай аб гэтым.

Вылет Святога Айца з аэрапорта “Ф’юмічына”, а не як гэта адбывалася ў выпадку яго папярэднікаў – з “Чампіна”, быў таксама запланаваны папярэдне і звязаны выключна з тым, што Папа прабывае ў летні перыяд у Ватыкане, а не як папярэднія Пантыфікі – у Кастэль Гандольфа. Даезд да “Ф’юмічына” з Ватыкану будзе больш зручны з пункту гледжання арганізацыі, чым да другога Рымскага аэрапорта, хоць 29 ліпеня Пантыфік вернецца з Рыа-дэ-Жанейра менавіта на “Чампіна”, паведаміў Альберта Гасбары.

Францішак накіруецца ў Бразілію ў панядзелак 22 ліпеня. У 16.00 па мясцовым часе плануецца яго прыбыццё ў міжнародны аэрапорт Рыа-дэ-Жанейра. Неўзабаве пасля гэтага адбудзецца цырымонія прывітання ў садзе Палацу Гуанабара, дзе Пантыфік скіруе сваю першую прамову на бразільскай зямлі. Тут ён сустрэнецца таксама з Прэзідэнтам краіны Дзілмай Русэф.







All the contents on this site are copyrighted ©.