2013-07-15 13:04:10

Станоўчая рэакцыя мусульман на візіт Папы на Лампедузу


RealAudioMP3 Наведанне Францішкам афрыканскіх бежанцаў на міжземнаморскім востраве Лампедуза выклікала станоўчую рэакцыю ў арабскім свеце. “Гэты жэст Папы выдатны, ён быў учынены ў патрэбны час”, - сказаў мараканскі журналіст Абубакр Джамаі нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “KNA”. Ён з’яўляецца заснавальнікам мараканскіх медыя, якія спецыялізуюцца на інфармацыі пра мясцовую сітуацыю з пачатку “арабскай вясны”.

Візітам на невялікім востраве ля ўзбярэжжа Туніса, Пантыфік нагадаў еўрапейскім палітычным элітам, што трэба не рэагаваць на незаконных мігрантаў з непрыязнасцю, а працаваць на карысць гэтых людзей. “Еўропа і арабскія краіны павінны знайсці агульны, гуманны спосаб вырашэння гэтага крызісу”, - лічыць Джамаі. Ён паведаміў аб высокай ацэнцы візіту Папы з боку саміх мігрантаў-мусульман і назваў гэта добрым сігналам для адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і ісламам.

У мінулы панядзелак Святы Айцец наведаў міжземнаморскі востаў Лампедуза, размешчаны на поўдзень ад Сіцыліі. Такім чынам Пантыфік хацеў звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на лёсы тысяч людзей, якія, рызыкуючы сваім жыццём, адпраўляюцца ў падарожжа на перагружаных лодках, каб патрапіць у Еўропу. Францішак узгадаў пра тысячы асоб, якія патанулі падчас пераправы. На востраў амаль кожны дзень прыбываюць судны з сотнямі новых бежанцаў, у асноўным з Паўночнай Афрыкі.

Падчас свайго візіту Францішак гаварыў пра феномен “глабальнай абыякавасці”, які распаўсюдзіўся ў сучасным свеце, калі пакуты іншых ужо нікога не кранаюць і не клапоцяць. Ён папрасіў прабачэнне за абыякавасць шматлікіх хрысціян, якія закрываюцца перад бліжнімі ў сваім уласным дабрабыце, а таксама за палітыкаў, якія сваімі рашэннямі правакуюць сітуацыі, якія прыводзяць да такіх трагедый, як на Лампедузе.







All the contents on this site are copyrighted ©.