2013-07-15 14:12:10

Папа размаўляў у Ватыканскай абсерваторыі пра яе працу і місію


RealAudioMP3 “Мы з радасцю абвяшчаем, што папа Францішак паабедаў з езуіцкай супольнасцю Ватыканскай абсерваторыі. Мы глыбока ўсхваляваныя”, - напісалі ўдзельнікі абеду з Пантыфікам на сваім “Твітэры”. Мінулую нядзелю Святы Айцец правёў у Кастэль Гандольфа. Менавіта там знаходзіцца штаб-кватэра аднаго з найстарэйшых астранамічных даследчых інстытутаў у свеце, якім апякуюцца езуіты. Адным з пунктаў прабывання Пантыфіка стала сустрэча з супрацонікамі гэтага інстытуту. Святы Айцец наведаў памяшканні абсерваторыі і яе ўнікальную бібліятэку, паведаміў яе дырэктар а. Хасэ Габрыэль Фунэс. Пантыфіку паказалі таксама лабараторыю метэарытаў, дзе яго чакаў сюрпрыз – фрагмент метэарыта, які некалі ўпаў на Буэнас-Айрэс. У канцы абеду Папа падпісаў пергамент, на якім знаходзяцца аўтографы ўсіх Пантыфікаў, пачынаючы з Пія XI.

Абед, прызнаўся айцец Фунэс, стаў “добрым момантам”, каб распавесці Святому Айцу аб мерапрыемствах і праектах абсерваторыі, яе працы і місіі. Падчас размовы была выказана думка, што чыста навуковыя веды абмежаваныя, калі яны не адкрытыя для іншых спосабаў пазнання, напрыклад, філасофскіх ці рэлігійных перакананняў.

Айцец Фунэс падкрэсліў, што супрацоўнікі абсерваторыі ўсур’ёз успрымаюць заклік Францішка ісці на перыферыі, і не толькі геаграфічныя, але і экзістэнцыяльныя. Яны таксама імкнуцца вывучаць перыферыі Сусвету, самыя далёкія галактыкі. Гэта дапамагае зразумець чалавека і будаваць адносіны паміж навукай і верай.

Упершыню ў гісторыі Папа абедаў з айцамі-езуітамі Ватыканскай абсерваторыі. Толькі аднойчы Ян Павел ІІ прысутнічаў на сняданку ў гэтай супольнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.