2013-07-15 15:14:34

Ватыканскі фінансавы аналітык: яшчэ Бэнэдыкт XVI абвясціў бітву адмыванню грошай


RealAudioMP3 Кіраўнік ватыканскага Бюро фінансавай інфармацыі лічыць, што менавіта Бэнэдыкт XVI стаяў ля вытокаў стварэння празрыстасці фінансавай сістэмы Святога Пасаду. Рэнэ Брульхарт падкрэсліў эфектыўнасць мер, прадпрынятых падчас яго пантыфікату, для навядзення парадку ў фінансавым сектары. “Бэнэдыкт XVI ад канца 2010 г. абвясціў бітву адмыванню грошай, заснаваў Бюро фінансавай інфармацыі і прыступіў да стварэння прававой базы”, - сказаў ватыканскі фінансавы аналітык у інтэрв’ю нямецкай “Die Presse”. Ён нагадаў, што Бюро некалькі дзён таму стала паўнапраўным членам Аб’яднання падраздзяленняў фінансавай разведкі, вядомай як Група “Эгмант”. “На працягу двух з паловай гадоў шмат што было дасягнута. Дом будуецца па цаглінцы”, - адзначыў Брульхарт.

41-гадовы швейцарскі фінансіст не выключыў, што, магчыма, яшчэ могуць хавацца нейкія “фінансавыя бомбы”. Аднак, вырашальнае значэнне тут мае факт, што ўжо былі створаны інструменты, з дапамогай якіх можна вызначыць і вырашыць адпаведныя праблемы. Брульхарт з аптымізмам глядзіць на зняцце напружання паміж Інстытутам рэлігійных спраў і італьянскім цэнтрабанкам. Больш за тое, у бліжэйшыя месяцы будуць падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з буйнымі еўрапейскімі краінамі, якія ўваходзяць у Вялікую дваццатку.

Эксперт нагадаў, што мэта Ватыканскага банка – служыць Каталіцкаму Касцёлу. Інстытут рэлігійных спраў з’яўляецца свайго роду кампаніяй па кіраванні актывамі з выразнай мэтай. На думку Брульхарта, важныя дзве рэчы: “Для каго прызначаны інстытут і хто можа мець з ім дзелавыя адносіны?”. Тут размова ідзе аб аўтарытэце Касцёла, таму не важна, якой сумы датычыць тая ці іншая праблема, да Ватыкана заўсёды будзе падвышаная ўвага, дадаў ён.

Кіраўнік Бюро фінансавай інфармацыі нагадаў, што ў гэты час адбываецца праверка кожнага з 19 тыс. рахункаў Ватыканскага банка з мэтай высветліць магчымыя фінансавыя злоўжыванні. Паралельна з гэтым ідзе выпрацоўка сістэмы ранняга папярэджання фінансавых злачынстваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.