2013-07-14 12:49:38

Папа перад “Анёл Панскі”: будзьце добрымі самаранамі! (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Малітва “Анёл Панскі” з папам Францішкам сабрала тысячы вернікаў. Яе адметнасцю 14 ліпеня стала месца правядзення; яна прайшла ў Кастэль Гандольфа на плошчы перад летняй рэзідэнцыяй Рымскіх Пантыфікаў. Святы Айцец прабыў сёння з візітам у горад, размешчаны ў 40 км ад Рыму. У сваіх разважаннях перад марыйнай малітвай Папа звярнуўся да прыпавесці пра добрага самараніна. Ён заклікаў вернікаў да сведчання міласэрнасці і ўвагі да свайго бліжняга і звярнуў увагу на працу сучасных медыкаў, запрасіўшы іх кіравацца евангельскімі цнотамі. Францішак папрасіў вернікаў маліцца аб плённым правядзенні Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра, куды ён накіруецца праз некалькі дзён. Пасля малітвы Пантыфік выказаў сваю салідарнасць з украінскімі вернікамі, якія ўзгадваюць сёння гадавіну Валынскай трагедыі. “Сёння нашу нядзельную сустрэчу мы перажываем тут, у Кастэль Гандольфа. - сказаў Папа - Я вітаю жыхароў гэтага прыгожага горада! Хачу падзякаваць асаблівым чынам за вашы малітвы, і раблю гэта з усімі пілігрымамі, якія прыбылі сюды ў вялікай колькасці.

Сённяшняе Евангелле – а мы гаворым пра 10 раздзел Евангелля паводле Лукі – распавядае вядомую прыпавесць пра добрага самараніна. Кім быў гэты чалавек? Ён быў адным з тых, хто ішоў з Ерузалема ў Ерыхон па дарозе праз Юдэйскую пустыню. На пачатку гэтай дарогі нейкі чалавек падвергнуўся нападу бандытаў; яго абрабавалі, збілі і кінулі амаль нежывога. Перад самаранінам прайшлі святар і левіт, дзве асобы, уключаныя у здзяйсненне культу ў Храме Пана. Яны бычылі гэтага беднага чалавека, але прайшлі не затрымаўшыся. А самаранін, калі ён убачыў чалавека, “злітаваўся”, гаворыць Евангелле. Ён злітаваўся (Лк 10, 33)! Ён падышоў да яго і перавязаў раны, паліваючы алеем і віном, і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз у заезд і аплаціў яго прабыванне там. Адным словам, ён паклапаціўся пра яго: гэта прыклад любові да бліжняга. Але чаму Езус выбраў самараніна ў якасці галоўнага героя прыпавесці? Бо юдэі пагарджалі самаранамі, з-за розніцы рэлігійных традыцый; але Езус паказвае, што сэрца самараніна добрае і шчодрае, і што – у адрозненне ад святара і левіта – ён ўвасабляе волю Бога, Які хоча больш міласэрнасці, а не ахвяры (пар. Мк 12, 33). Бог заўсёды жадае гэтага: міласэрнасці, а не ісці, асуджаючы ўсіх, не! Міласэрнасці з сэрца, бо Ён міласэрны. Ён разумеее нашы пакуты, нашы цяжкасці, нашы грахі таксама. Ён дае нам усім гэта міласэрнае сэрца, і гэта тое, што робіць самаранін: прыпадабняецца да Божай міласэрнасці, той міласэрнасці, у якой сам мае патрэбу.

Чалавекам, які поўнасцю зразумеў гэта Евангелле пра добрага самараніна, з’яўляецца св. Каміл дэ Леліс, заснавальнік кангрэгацыі Слуг хворых, апякун хворых і медыцынскіх работнікаў. Св. Каміл памёр 14 ліпеня 1614 г. – якраз сёння распачынаецца чацвёртае стагоддзе з дня яго смерці, якое завершыцца праз год. Вітаю з любоўю ўсіх духоўных сыноў і дачок св. Каміла, якія жывуць у яго харызмаце дабрачыннасці і ў штодзённым кантакце з хворымі. Будзьце, як ён, добрымі самаранамі! А таксама ўрачам, медсёстрам і тым, хто працуе ў бальніцах і дамах састарэлых, жадаю быць ажыўленымі тым жа духам. Мы давяраем гэту інтэнцыю заступніцтву Найсвяцейшай Марыі.

І яшчэ адну інтэнцыю хачу даверыць Маці Божай, разам з вамі ўсімі маліцца да Багародзіцы. Ужо блізка Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Шмат моладзі тут сёння, але ўсе вы маладыя душой. Праз восем дзён я паеду туды, але многія маладыя людзі прыедуць у Бразілію раней. Давайце маліцца за гэту вялікую пілігрымку, якая ўжо пачынаецца, каб Маці Божая з Апарэсіды, апякунка Бразіліі, накіроўвала крокі ўдзельнікаў і адкрыла іх сэрцы на прыняцце місіі, якую Хрыстус ім давярае”, - сказаў падчас сваіх разважанняў Папа.

На заканчэнне Святы Айцец даслаў сваё прывітанне вернікам Луцкай дыяцэзіі ва Украіне, якія сёння ў мясцовым катэдральным касцёле ўзгнадваюць 70-гадавіну разні на Валыні. Францішак лічыць, што такія трагедыі, “справакаваныя нацыяналістычнай ідэалогіяй ў трагічным кантэксце Другой сусветнай вайны” і прынёсшыя дзесяткі тысяч ахвяр, мабілізуюць да братэрства двух народаў, польскага і ўкраінскага. Папа заахвоціў іх да “глыбокага прымірэння” паміж сабой.







All the contents on this site are copyrighted ©.