2013-07-13 11:58:49

Ватыканскі іерарх заклікаў бедныя і багатыя краіны да сціпласці і салідарнасці


RealAudioMP3 Кардынал Пітэр Тарксан заклікаў у абліччы эканамічнага крызісу да большай сціпласці і салідарнасці. “Калі б бедныя краіны былі падчас гэтага крызісу больш сціплымі, а багатыя крыху больш шчодрымі, шмат у чым можна было б выйграць”, - сказаў старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” у гутарцы з нямецкай “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. Такім чынам, бедныя краіны, паводле меркавання ватыканскага іерарха, павінны стрымаць свае асноўныя прэтэнзіі да Еўропы. Умовы, у якіх у цяперашні час знаходзяцца Грэцыя ці Партугалія, у некаторых краінах, якія развіваюцца, даўно ўжо сталі часткай паўсядзённага жыцця, сказаў кардынал. “Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд штодзённа прадпісваюць ім, што яны павінны рабіць, а што не”, - дадаў ён.

Іерарх заклікаў багатыя краіны паказаць міласэрнасць да еўра-даўжнікоў. Германія, нягледзячы на крызіс, эканамічна моцная, і, такім чынам, можа даць добры прыклад у гэтым. На пытанне аб тым, ці Ватыкан акажа зацікаўленым краінам фінансавую дапамогу, кардынал Тарксан адказаў, што Святы Пасад ідзе туды, дзе існуе радыкальная беднасць, каб вызваліць людзей ад гэтай формы нявольніцтва.

Прыкладамі мер супраць крызісу іерарх назваў увядзенне падатку на фінансавыя здзелкі і падзел так званых універсальных банкаў на традыцыйныя камерцыйныя і інвестыцыйныя. Акрамя таго, крэдытныя інстытуты, на думку кардынала, не павінны змяшчаць так званых “танных грашэй” у цэнтральным банку. Інвестыцыі трэба выкарыстоўваць для прывядзення эканомікі ў патрэбнае рэчышча. “На дадзены момант грошы знаходзяцца не там, дзе гэта неабходна”, - сказаў кардынал Тарксан.

Крызіс бярэ свой пачатак у этычных недахопах, падкрэсліў старшыня Папскай рады. Адказнасць ляжыць на людзях, якія паказалі сваю блізарукасць у жаданні занадта хуткіх прыбыткаў. Вядома, фінансавыя аспекты адыгралі сваю ролю, але па сутнасці гаворка тут ідзе аб “прагнасці”, адкрыта заявіў кардынал.

Таксама на кантраст паміж “логікай рынку” і “логікай дару” звярнуў увагу кардынал Тарксан у сваім пасланні да ўдзельнікаў Першага кангрэсу афрыканскага хрысціянскага саюза кіраўнікоў прадпрыемстваў, які праходзіць зараз у Камеруне. Ён нагадаў пра першынства агульнага дабра перад інтарэсамі невялікай групы, і недапушчальнасць культу матэрыяльнага поспеху ў асяроддзі хрысціян-прадпрымальнікаў. Іерарх прызнаў, што такое бачанне свету бізнесу нялёгка рэалізаваць у сучасным свеце, дзе пануюць адсутнасць законаў і правілаў, карупцыя і дрэннае кіраванне рэсурсамі.

Кардынал Пітэр Тарксан узначальвае Папскую раду “Iustitia et Pax” з 2009 г. 64-гадовы іерарх стаў у 2003 г. першым кардыналам з Ганы.







All the contents on this site are copyrighted ©.