У другую нядзелю ліпеня
католікі па традыцыі адзначаюць Дзень мора, так званую марскую нядзелю, у якую асаблівай
малітвай ахінаюць працаўнікоў мора. З гэтай нагоды 12 ліпеня Папская рада пастырства
падарожнікаў і мігрантаў апублікавала спецыяльнае пасланне. У ім яна адзначае, што
Каталіцкі Касцёл на працягу доўгіх гадоў заклапочаны праблемамі гэтых людзей. “Ужо
больш за 90 гадоў з дапамогай сваіх капэланаў і валанцёраў, прысутных ў больш за 260
партах свету, Касцёл выяўляе матчыны клопат, спрыяючы духоўнаму і матэрыяльнаму дабратыту
маракоў, рыбакоў і іх сем’яў”, - адзначаецца ў пасланні. Ватыканская дыкастэрыя нагадала,
што сёння ў свеце працуе амаль 1.5 млн. маракоў на борце глабалізаванага сусветнага
флоту. Ён складаецца з амаль 100 тыс. судноў і ажыццяўляе амаль 90% усіх перавозак
па свеце. Часта мы не ўсведамляем таго, што большую частку прадметаў, якімі мы карыстаецца
ў штодзённым жыцці былі прывезыны суднамі, якія курсуюць па акіянах.
Далей
ў пасланні адзначаецца пра цяжкія ўмовы працы маракоў, якія праводзяць цэлыя месяцы
ў далечыні ад блізкіх, якія часта пакідаюць замежныя парты не атрымаўшы належнай ім
зарплаты, стаюць ахвярамі пірацтва, стыхійных бедстваў і чалавечых трагедый, - звяртаецца
ўвага ў пасланні.
Праз штогадовае святкаванне Марской нядзелі мы хочам, каб
нашыя хрысціянскія супольнасці і ўсё грамадства даведалася, што маракі спрыяюць паляпшэнню
якасці нашага жыцця, а таксама, каб выказала ўдзячнасць за іх працу і ахвярнасць,
- адзначае ў сваім пасланні Папская рада пастырства падарожнікаў і мігрантаў.