2013-07-12 14:59:08

Бразілія жыве чаканнем папы Францішка на СДМ


RealAudioMP3 “Аргкамітэт Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра працуе дзень і ноч, каб як найлепш сустрэць моладзь з цэлага свету і Папу”,- расказаў радыё Ватыкана кардынал Cтаніслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх. Іерарх 11 ліпеня вярнуўся з паездкі па Бразіліі, дзе на свае вочы назіраў апошні этап падрыхтовак. "Сусветныя дні моладзі заўсёды нас уражваюць моццу радасці і надзеі, якія перадаюцца не толькі ўсяму Касцёлу, але і цэламу свету. Натуральна, у Бразіліі - натхненне і ад прыбыцця першага ў гісторыі Папы лацінаамерыканскага паходжання, які ўжо заваяваў сэрцы многіх людзей", - прызнаўся пасланец з Ватыкану.
Кардынал падзяліўся ўласным вялікім уражаннем ад гасціннасці гаспадароў моладзевага свята, "шчодрасцю і спрытнасцю", з якімі ўсе адказныя за гатоўнасць, уключаючы валанцёраў, працуюць у апошяй дэкадзе перад пачаткам сусветнага форуму. Ён адзначыў, што падзеяй жывуць не толькі бразільскія дыяцэзіі, але і Паўсюдны Касцёл. Перад урачыстым адкрыццём Дзён, літаральна праз некалькі дзён, пачнецца Місійны тыдзень, падчас якога маладыя людзі з розных куткоў свету будуць гасцямі большай часткі дыяцэзій Бразіліі.
Кардынал падкрэсліў, што, прадстаўляючы аргкамітэт СДМ, ён перадае ўсім удзельнікам пажаданне добра духоўна падрыхтавацца да сустрэчы з вернікамі-равеснікамі. Кардынал Рылка адзначыў, што для начнога чування і заключнай Эўхарыстыі ў Рыа ўзведзена пляцоўка значна большая, чым на мінулых Днях моладзі ў Мадрыдзе. Чакаецца, што ў Літургіі прыме ўдзел не менш як 2 млн. вернікаў.
Адносна агульнай сітуацыі ў Бразіліі старшыня Папскай рады, які наведаў усе месцы, дзе будуць праходзіць падзеі форума каталіцкай моладзі, запэўніў, што ўсё спакойна і добра кантралюецца.
На заканчэнне кардынал Рылка прыпомніў, што для Францішка праблемы і будучыня моладзі з'яўляецца прыарытэтам Пантыфікату.
Алена Мартэцкая








All the contents on this site are copyrighted ©.