2013-07-11 12:14:23

Святы Пасад заклікаў турыстаў клапаціцца аб водных рэсурсах Зямлі


RealAudioMP3 Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў скіравала пасланне на Сусветны дзень турызму, які будзе адзначацца 27 верасня. Дакумент спасылаецца на тэматыку “Міжнароднага году воднага супрацоўніцтва”, абвешчанага Генеральнай Асамблеяй ААН. У ім падкрэсліваецца, што “вада мае вырашальнае значэнне для ўстойлівага развіцця, асабліва для цэласнасці навакольнага асяроддзя і выкаранення беднасці і голаду”.

Святы Пасад усведамляе важнасць феномену турызму, а таксама праблемы і магчымасці, якія ён нясе для місіі евангелізацыі. Турызм будзе прыносіць рэальную карысць, калі ён будзе ў стане кіраваць сваімі рэсурсамі ў адпаведнасці з крытэрыямі “зялёнай эканомікі”. Таму аўтары паслання запрашаюць развіваць экалагічны турызм, які б спрыяў стварэнню новых працоўных месц, падтрымцы мясцовай эканомікі і скарачэнню беднасці. Яны перасцерагаюць прадстаўнікоў індустрыі турызма ад імкнення дасягнуць хуткага і лёгкага эканамічнага прыбытку, што не рэдка звязана з забруджваннем навакольнага асяроддзя.

Турыстычны бізнес сёння адказвае ў тым ліку і за кіраванне воднымі рэсурсамі. Таму яго прадстаўнікі павінны далучыцца да намаганняў выправіць шкоду, ужо нанесеную экалогіі, стымуляваць рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў Зямлі і звесці да мінімуму негатыўнае ўздзеянне на іх, пераканана Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Турысты павінны ведаць і задумвацца аб сваёй адказнасці за прыроду.

Аўтары паслання падзяляюць заклапочанасць Святога Айца, які пастаянна заклікае да захавання стварэння і адказнасці за будучыню чалавека.







All the contents on this site are copyrighted ©.