2013-07-09 13:21:58

Кардынал аб унікальнасці Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра


RealAudioMP3 Аб адмысловым характары Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра распавёў кардынал Станіслаў Рылка, галоўны арганізатар форуму з боку Святога Пасаду. Ён нагадаў, што менавіта Лацінская Амерыка стала гаспадаром першых Сусветных дзён за межамі Рыма. Гэта адбылося ў 1987 г., калі мерапрыемства прайшло ў аргентынскім Буэнас-Айрэсе. Сімвалічна, на думку старшыні Папскай рады па справах свецкіх, што сёлетняя сустрэча будзе праходзіць пад старшынствам першага лацінаамерыканскага Папы.

Заснаванне Сусветных дзён моладзі кардынал назваў “вялікім прароцкім выбарам” бл. Яна Паўла II. Пантыфік даў старт духоўнай прыгодзе, у якой удзельнічаюць да сённяшняга дня мільёны маладых людзей з усіх кантынентаў. Менавіта гэты форум стаў месцам нараджэння шматлікіх святарскіх і манаскіх пакліканняў. Дні моладзі, на думку кардынала Рылкі, абверглі клішэ адносна сучасных маладых людзей, распаўсюджаныя сродкамі масавай інфармацыі, і пацвердзілі, што юнакі і дзяўчаты маюць смагу каштоўнасцяў і глыбока шукаюць сэнсу жыцця, шукаюць адказаў на фундаментальныя пытанні аб жыцці і знаходзяць іх у Хрысце і ў Касцёле. “За апошнія дваццаць пяць гадоў Сусветныя дні моладзі сталі магутным інструментам евангелізацыі”, - адзначыў іерарх.

Старшыня Папскай рады па справах свецкіх нагадаў, што папа Францішак ад пачатку свайго пантыфікату наладзіў добры кантакт з моладдзю, праз простую і непасрэдную мову, якая кранае сэрца і бударажыць сумленне. Таму маладыя людзі вельмі чакаюць яго ў Рыа-дэ-Жанейра.

Структура праграмы сёлетніх Дзён моладзі падобная на папярэднія. Але, на думку кардынала, трэба разумець, што змена культурных умоў і рэлігійных традыцый, праз змену краін, дзе адбываецца падзея, змяняе яе агульны клімат, надаючы ёй непаўторнасць і ўнікальнасць.







All the contents on this site are copyrighted ©.