2013-07-08 12:29:24

Беларусь: Фарны касцёл у Навагрудку чакае другое жыццё


RealAudioMP3 Фарны касцёл у Навагрудку чакае другое жыццё, па меншай меры, у сучаснай гісторыі. Праект рэканструкцыі ўжо зацверджаны ў Міністэрстве культуры Беларусі (касцёл – помнік архітэктуры). Над праектам працаваў творчы калектыў майстэрні “Басталія”. Ён стаў і дыпломнай працай, якая прынесла добрыя адзнакі, двух студэнтак-выпускніц Беларускай акадэміі мастацстваў. Ганна Радзюк абараняла ідэю ў напрамку інтэр’ера, а Наталля Скалковіч – мэблі. Змены адбудуцца ў двух самых старажытных капліцах з тых, што захаваліся да нашых часоў. Найперш, капліцы Усіх Святых, дзе знаходзяцца галоўныя рэліквіі храма – цудадзейная ікона Навагрудскай Божай Маці і склеп з парэшткамі 11благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак, якія загінулі ў 1943 г. Іх растралялі фашысты замест мірных жыхароў.

Памяць мучаніц вырашана было ўшанаваць у першую чаргу – паведаміла Наталля Скалковіч. “Гэта сакральная прастора. На ўваходзе ў капліцу Усіх Святых будзе балюстрада, якая сімвалізуе перашкоду, каб чалавек спыніўся і ўсвядоміў, што перад ім іншы свет. Перад сабой ён убачыць ікону Навагрудскай Божай Маці, з аднаго боку – святыню, прысвечаную законніцам, гэта як памяць людзям, а з другога боку – уваход у капліцу партатываў – гэта святыня, якая будзе прысвечана касцёлам”, - сказала аўтар праету.

І не проста касцёлам, а знішчаным у савецкія часы каталіцкім храмам. Мясцовыя жыхары на працягу доўгіх гадоў збіралі ў наваколлі дошчачкі-партатывы, якія засталіся ад святынь, і прыносілі пробашчу.

Фарны касцёл у Навагрудку можна назваць адным з самых старэйшых у Беларусі. Ён быў заснаваны яшчэ самім вялікім князем літоўскім Вітаўтам у канцы XIV ст. Некалькі разоў храм перабудоўваўся, пакуль у XVIII ст. не набыў канчатковы выгляд. Менавіта адсюль пачалася знакамітая каралеўская дынастыя Ягелонаў – у касцёле ўзяў шлюб Ягайла з Соф’яй Гальшанскай. Тут у 1799 г. быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. І такая багатая гісторыя неяк незаслужана забыта, лічаць мастакі-рэстаўратары, таму яны і скіравалі свой позірк на навагрудскую святыню. Яны адчулі – зрабіць праект рэстаўрацыі – проста ўнутраны абавязак – прызнаўся сааўтар праекта Яўген Левандоўскі.

“Наша галоўная мэта – зрабіць кансервацыю помніка, г.зн. захаваць тое, што ёсць, не пашкодзіць і не прыдумляць новае. Ёсць грабовец, дзе пахаваны сёстры-назарэтанкі. Нам трэба трохі толькі яго аздобіць, зрабіць больш урачыстым. Мы плануем аднавіць роспіс скляпення, а таксама зрабіць зандаж – раскрыць прыкладна 10 сантыметраў старажытнай кладкі, каб кожны змог убачыць цэглу тых часоў, прыкладна XIV ст. Гэта вельмі цікава”, - сказаў рэстаўратар.

Што тычыцца роспісу – гэта зорнае неба, якое было намалявана прыкладна ў пачатку XX ст. Вялікай мастацкай каштоўнасці гэты роспіс не нясе, адзначаюць мастакі. Справа ў іншым – менавіта пад гэтымі зоркамі маліліся загінуўшыя сёстры-назарэтанкі, і аднавіць намоленае мейсца такім, якім яно існавала тады, для рэстаўратараў, таксама справа гонару. Зараз супрацоўнікі майстэрні “Басталія” працуюць таксама над рэстаўрацыяй касцёла ў Геранёнах, у мінулым годзе была адкрыта і зноў кансэкравана капліца ў Нясвіжы (рэстаўрацыя – таксама іх праца). Уперадзе – ператварэнне касцёла ў Навагрудку. Да 1 жніўня ўсё задуманае па праекту павінна быць рэалізавана. У гэты дзень спаўняецца роўна 70 год з моманту растрэлу сясцёр-мучаніц. Мастакі спадзяюцца, што гэта будзе толькі пачатак новага жыцця святыні – з адноўленым інтэрьерам, з адноўленай памяццю.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.