2013-07-07 14:07:29

Папа: пастырская плённасць не вымяраецца поспехам ці правалам, але логікай Хрыстовага крыжа


RealAudioMP3 Радасць суцяшэння, крыж і малітва – на гэтыя тры элементы святарскага служэння звярнуў увагу будучых душпастыраў папа Францішак. У Рыме ў гэтыя дні сабралася каля 6 тыс. семінарыстаў і навіцыяў, якія прыбылі сюды практычна з усяго свету з пілігрымкай у “Год веры”. Пантыфік узначаліў 7 ліпеня ў ватыканскай базыліцы св. Імшу з іх удзелам. Радасць суцяшэння, адзначыў Святы Айцец падчас сваёй гаміліі, звязана з пасланнем надзеі, якое павінен несці кожны хрысціянін. Менавіта яно дае спакой і радасць і з’яўляецца адлюстраваннем Божага суцяшэння да кожнага чалавека. Носьбітамі суцяшэння можна быць толькі ў тым выпадку, калі мы самі спазналі радасць Божай любові ў адносінах да нас. Пантыфік падагульніў хрысціянскую місію некалькімі словамі: “Адчуць Божае суцяшэнне і перадаць яго далей!”.

“Душпастырская плённасць”, паводле глыбокага пераканання Францішка, немагчыма без крыжа Езуса, які з’яўляецца “кропкай адліку місіі” хрысціяніна. Плённасць абвяшчэння Евангелля не вымяраецца поспехам ці правалам, паводле чалавечых крытэрыяў, яна вынікае з логікі Хрыстовага крыжа, што звязана з логікай адмовы ад сябе, давання сябе, логікай любові, звярнуў увагу семінарыстаў і навіцыяў Папа. Гаворка ідзе толькі пра крыж з Хрыстом, бо часта нам прапануюць крыж без Яго. Толькі крыж з Хрыстом “гарантуе ўрадлівасць нашай місіі”, дадаў Святы Айцец.

Працаўнікі жніва Пана не выбіраюцца праз рэкламныя кампаніі або заклікі да велікадушнасці і служэння, заўважыў Францішак, яны абіраюцца і пасылаюцца Богам. “Калі апостал з’яўляецца плёнам малітвы, ён знойдзе святло і сілу для сваёй дзейнасці”, - дадаў Папа. Пантыфік звярнуў увагу і на рызыкі, якія стаяць перад Касцёлам. Заўсёды існуе спакуса паддацца празмернай актыўнасці, занадта вялікаму даверу да структур. Езус жа напярэдадні любога рашэння або важнай падзеі заставаўся на малітве, інтэнсіўнай і працяглай. Паводле Папы, святару і таму, хто рыхтуецца да святарства, трэба культываваць “кантэмпляцыйнае вымярэнне”, нават у віхуры абавязкаў і надзённых праблем. І чым больш місія заклікае ісці на перыферыі існавання, тым больш сэрца павінна яднацца з Хрыстом, поўным міласэрнасці і любові, адзначыў Пантыфік. У гэтым, паводле яго, “заключаецца сакрэт пастырскай плённасці, плённасці вучня Пана!”.

“Распаўсюджанне Евангелля не гарантуецца колькасцю асоб, прэстыжам установы або колькасцю даступных рэсурсаў. Важна тое, каб быць прасякнутым любоўю Хрыстовай, быць кіраваным Святым Духам і ўдзельнічаць у іх жыцці прах дрэва жыцця, якім з’яўляецца крыж Пана”, - сказаў на заканчэнне сустрэчы з кандыдатамі да святарства папа Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.