2013-07-06 09:49:32

Кардынал Жан-Луі Таран у Будславе: хрысціянамі не нараджаюцца, хрысціянамі становяцца


RealAudioMP3 Яны перажылі ўсё – спякоту і лівень, доўгае падарожжа і супольную малітву, радасць ад сустрэчы і сум ад таго, што юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе завяршыліся. Тысячы вернікаў на працягу двух дзён імкнуліся ў Будслаў, каб ушанаваць апякунку Беларусі – Маці Божую Будслаўскую. Ішлі і ехалі з усёй краіны і з-за мяжы. Саша Янковіч – беларуска, якая даўно жыве ў расійскай сталіцы, але кожны год яе цягне ў сталіцу беларускай духоўнасці – яна прыязджае ў Будслаў ці са сваімі бацькамі, ці з пілігрымамі. “Мне тут вельмі падабаецца, тут вельмі душэўна заўсёды, але я кожны год адчуваю нешта новае. Я вельмі люблю маліцца да Маці Божай. Я і ў Маскве хаджу ў касцёл, каб не адыходзіць ад Бога. Мне заўсёды падабаецца ў Будславе і я заўсёды радуюся, калі мы суполкай прыязджаем сюды”, - сказала яна.

Напярэданні, 5 ліпеня, у Будславе сустрэлі папскага легата – кардынала Жан-Луі Тарана. Ватыканскі іерарх прыбыў у Беларусь спецыяльна на ўбілейныя ўрачыстасці. Высокага госця віталі тысячы галасоў і рознакаляровых стужак – у кожнай групы пілігрымаў свае адзнакі.

Кардынал Жан-Луі Таран наведаў Будслаўскі санктуарый, а потым скіраваў сваё слова да моладзі – будучыні краіны, як сам ён назваў маладых людзей. Казаў на французскай мове і таксама адзначыў, што яму прыемна бачыць, што на гэтым свяце прысутнічаюць і рэліквіі Св. Тэрэзы з французкага Лізьё. Кажучы пра Маці Божую, ватыканскі іерарх адзначыў, што Марыя была “жанчынай малітвы”, і таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні. Даў кардынал і практычную параду моладзі – 5 хвілін для Бога. Усяго нічога – 5 хвілін ў дзень правесці з Евангеллем у руках і думкамі пра Бога. І гэта дапаможа зразумець, што Езус хоча сказаць нам.

“Завяршаючы гэтую пілігрымку, мы дзякуем Пану Богу праз Марыю за час радасці і братэрства. Папросім жа Марыю, каб яна сваім прыкладам дапамагала любіць Бога больш за ўсё, а таксама любіць нашых бліжніх, тых, каго мы не выбіралі сябе. Як Марыя, будзем вучыцца маліцца ў цішыні, як Марыя будзем любіць праўду і сціпласць. Цяпер вы разумееце, чаму пілігрымка ніколі-ніколі не сканчваецца, яна ідзе на новыя і новыя шляхі, яна дазваляе пачаць нешта новае. Памятайце, што хрысціянамі не нараджаюцца, хрысціянамі становяцца. А таму кожны дзень мы павінны зноў і зноў станавіцца хрысціянамі, поўнымі даверу, радасці і салідарнасці, каб наша вера заражала і перадавалася іншым людзям”, - сказаў пасланнік Папы.

Сённяшняй ноччу Будслаў не спаў – кульмінацыяй урачыстасцяў стала, па традыцыі, працэсія са свечкамі. І тут ужо тысячы агенчыкаў зліліся ў адну вогненную раку. Прадстаўнікі чатырох дыяцэзій неслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая з 2012 г. здзяйсняла перэгрынацыю па беларускіх парафіях. І як гэтыя агні асвяцілі шлях абраза, так кожны павінен шукаць духоўны ліхтар, якім і з’яўляецца Маці Божая, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Марыя для нас прадстае той, якая нас вядзе да гэтага святла, таму гэтае спатканне с папскім легатам і святочны настрой, юбілейны настрой – вельмі важны. Я ўпэўнены, што людзі, якія паедуць адсюль пасля гэтых урачыстасцяў, будуць моцна духоўна ўзбагачаны і напэўна перажывуць тое, чаго яшчэ не перажывалі. Будслаўскія ўрачыстасці – асаблівыя. І каб гэта зразумець, трэба пабываць тут”, - адзначыў іерарх.

Сёння, 6 ліпеня, у 11.00 кардынал Жан-Луі Таран узначаліць святочную Эўхарыстыю, якая паставіла не кропку, а кропку з коскай будслаўскага фэсту. У наступным годзе адна з пілігрымаў, Ольга Гайковіч, збіраецца прыехаць ізноў у Будслаў – гэта вельмі важна, адчуць сябе з аднаго боку, як у роднай сям’і, з другога – часткай вялікай сям’і Каталіцкага Касцёла. “Сапраўды, ты прыходзіш сюды да Маці Божай, як да сваёй матулі, якая даўно ўжо цябе чакала”, - сказала яна.

Маці Божая ў Будславе чакае заўсёды і ўсіх. Высокі госць, кардынал Жан-Луі Таран, заклікаў усіх прысутных ісці і абвяшчаць Евангелле туды, дзе яны жывуць, абвяшчаць не толькі словамі, але і сваімі ўчынкамі. Ватыканскі іерарх беларускім вернікам перадаў падарунак ад Папы – благаслаўленне Святога Айца Францішка.

Ларыса Абрамчук, Будслаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.