2013-07-04 14:07:40

Святы Пасад падвёў вынікі фінансавага году


RealAudioMP3 4 ліпеня ў Ватыкане былі абвешчаны вынікі 2012-га фінансавага году. Ён быў завершаны для Святога Пасаду з прафіцытам бюджэту ў 2.185.622 еўра. 2-3 ліпеня адбывалася пасяджэнне Рады кардыналаў па вывучэнні арганізацыйных і эканамічных праблем Апостальскай Сталіцы пад старшынствам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ. 3 ліпеня асамблею наведаў Святы Айцец, які правёў размовы з яе ўдзельнікамі, падкрэсліўшы сваю гатоўнасць працягваць рэгулярныя сустрэчы з Радай кардыналаў.

Прыбытковы бюджэт у мінулым годзе быў асягнуты дзякуючы добрай працы ў сектары фінансавага кіравання, адзначаецца ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду. Сярод самых складаных для рэгулявання аказалася сфера выдаткаў на персанал, які на 31 снежня 2012 г. налічваў 2823 асоб, на сродкі масавай камунікацыі і на выплату падаткаў на нерухомасць, якія павялічыліся на суму ў 5 млн. еўра ў параўнанні з 2011 г.

Бюджэт Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, незалежны ад бюджэту Святога Пасаду, быў закрыты ў 2012 г. з прыбыткам у 23.079.800 еўра . Гэта на больш чым мільён перавышае мінулагодні вынік.

У паведамленні гаворыцца таксама аб ахвяраваннях у рамках так званага “Гроша св. Пятра”, матэрыяльнай дапамогі вернікаў на падтрымку дабрачыннай дзейнасці Святога Айца. Яны паменшыліся з амаль 70 млн. амерыканскіх долараў у 2011 г., да каля 65 млн. Таксама меншая сума была ахвяравана з боку касцёльных устаноў на ўсім свеце на дзейнасць Рымскай курыі – 28.303.239 долараў, гэта на 11, 91% менш за 2011 г. На 5,09% паменшыліся ўзносы з боку інстытутаў кансэкраванага жыцця, таварыстваў апостальскага жыцця і фондаў. У цэлым адбылося зніжэнне на 7,45% усіх узносаў у параўнанні з 2011 г.

Інстытут рэлігійных спраў – Ватыканскі банк – як і кожны год прызначыў значную суму на падтрымку апостальскага служэння і дабрачыннай дзейнасці Папы. У 2012 г. яна склала 50 млн. еўра, 1,5 млн. з якіх было прызначана для Фонду св. Сяргея, які дапамагае Касцёлу ў краінах былога СССР.

Рада кардыналаў заклікала да рэформы фінансавай сістэмы і далейшага скарачэння выдаткаў за кошт спрашчэння і рацыяналізацыі існуючых органаў, а таксама больш дасканалага праграмавання дзейнасці ўсіх ведамстваў. Была выказана глыбокая падзяка за падтрымку, аказаную, часта ананімна, служэнню Святога Айца, нягледзячы на ​​цяперашні эканамічны крызіс.







All the contents on this site are copyrighted ©.