2013-07-04 09:55:01

Святы Пасад атрымаў доступ да глабальнай сеткі фінансавай інфармацыі


RealAudioMP3 Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан (L’Autorità di Informazione Finanziaria) стала паўнапраўным членам Аб’яднання падраздзяленняў фінансавай разведкі, вядомай як Група “Эгмант”. Гэта адбылося на 21-м пленарным пасяджэнні арганізацыі ў паўднёва-афрыканскім Сан-Сіці. Членства ў Групе дае доступ да глабальнай сеткі фінансавай інфармацыі і палягчае абмен звесткамі ў барацьбе з фінансавымі злачынствамі. Для Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, гэта азначае далейшы крок у іх укладзе у глабальныя намаганні па фінансавай бяспецы, гаворыцца ў афіцыйнай заяве Залы Друку. Прыняцце Бюро фінансавай інфармацыі ў Групу “Эгмант” уяўляе сабой прызнанне сістэматычных намаганняў Апостальскай Сталіцы і Ватыкану ў дасканаленні сваёй сістэмы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, заявіў Рэнэ Брульхарт, кіраўнік Бюро. “Допуск да гэтай глабальнай сеткі у далейшым палепшыць нашу здольнасць уносіць уклад у барацьбу з фінансавымі злачынствамі”, - дадаў ён.

Група “Эгмант”, заснаваная ў 1995 г. – гэта форум, на якім абмяркоўваюцца канкрэтныя пытанні і праблемы, звязаныя з дзейнасцю падраздзяленняў фінансавай аналітыкі. У яе склад уваходзяць больш за 130 нацыянальных падраздзяленняў фінансавай разведкі. У рамках асацыяцыі яны абменьваюцца інфармацыяй і каардынуюць барацьбу з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

Святы Пасад на працягу апошніх гадоў прадпрымае актыўныя меры па прывядзенні сваё фінансавай сістэмы да міжнародных стандартаў. Адным з самых сур’ёзных крокаў у гэтым напрамку стала стварэнне 30 снежня 2010 г. Бюро фінансавай інфармацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.