2013-07-04 10:46:46

Беларусь: пілігрымы набліжаюцца да Будслава


RealAudioMP3 Ужо заўтра, 5 ліпеня, пачнуцца галоўныя ўрачыстасці ў гонар 400-годдзя прыбыцця ў Будслаў цудатворнай іконы Божай Маці. У гэтым годзе свята будзе як ніколі маштабным – у невялікім мястэчку Будслаў Мінскай вобласці чакаюць каля 50 тыс. пілігрымаў. Адны ідуць пешшу – як напрыклад з Гродна, Нарачы і Мінска (больш за 300 чалавек са сталіцы ўжо крочаць чацвёрты дзень), з Баранавічаў (па адлегласці гэтая самая доўгая пілігрымка). З Мінска вырушыла адмысловая посная пілігрымка – на хлебе і вадзе.

Кожны з гэтых шляхоў быў пераадолены ўжо не раз, а можа і не адзін дзесятак разоў – кожны год людзі з усёй краіны, а нават з-за мяжы, сцякаюцца ў Будслаў, каб ушанаваць адзін з самых вядомых абразоў Беларусі. Некотрыя абралі для сябе іншы – не менш цяжкі, але больш хуткі транспарт. Напярэданні, 3 ліпеня, 40 чалавек адправіліся ў Будслаў на роварах. Св. Імшу ў касцёле св. Сымона і св. Алены ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён пажадаў шчаслівага падарожжа і сам сеў на ровар, каб праехаць некаторы шлях разам з вернікамі.

“Я думаю, калісьці прыйдзе час, што і на матацыклах паедзем таксама. Людзі ездзілі ў пілігрымкі на розных відах транспарту – пешшу ходзяць, самалётамі лётаюць, на цягніках ездзяць. А некаторыя абралі ровар. Чаму не? Тым больш, ведаеце, што папа Францішак таксама едзіць на ровары. І калі я аб гэтым даведаўся, калі ўжо кардынал Берголіа быў абраны Папай, то я яму паслаў здымак, калі мы ў мінулым годзе паехалі ў пілігрымку на роварах”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Нагадаем, на ўрачыстасці ў Будслаў папа Францішак прызначыў свайго легата – у Беларусь прыедзе кардынал Жан-Луі Таран. Ён узначаліць святочную Эўхарыстыю 6 ліпеня. А пілігрымку на роварах благаславіў таксама і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, які сустрэў вернікаў прама каля сваёй рэзідэнцыі. Вернікі пераадолеюць амаль 130 кіламетраў, каб зліцца з сапраўднай жывой ракой пілігрымаў, якая цячэ зараз да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.