2013-07-03 12:35:24

Папа: хрысціянская міласэрнасць – гэта не толькі дабрачынныя фонды


RealAudioMP3 Сустрэць Бога не магчыма не цалуючы з пяшчотай ран Езуса ў нашых братах галодных, бедных, хворых, вязнях, падкрэсліў Пантыфік. Ён узначаліў Эўхарыстыю ў свята св. Тамаша і звярнуў увагу на гісторыю апостала, які спачатку не паверыў ва ўваскрасенне Езуса. “Ён быў упартым. Але Пана цікавіць чалавек упарты, каб прымусіць яго зразумець нешта большае”. Менавіта Тамаш, адразу пасля таго як развеяў сваё нявер’е, уклаўшы пальцы ў раны Збаўцы, першым з вучняў прызнаў Яго Боскасці. Такім, паводле Святога Айца, быў намер Хрыста, каб праз нявер’е прывесці апостала не толькі да прызнання факту ўваскрасення, але прымусіць яго пайсці далей і прызнаць сваю Боскасць. “У гісторыі Касцёла здараліся памылкі на шляху да Бога. - адзначыў Папа - Некаторыя лічылі, што жывога Бога, Бога хрысціян, можна сустрэць на шляху медытацыі”. Гэта, паводле Францішка, можа быць небяспечна. Многія згубіліся на гэтай дарозе. Яны, магчыма, ідуць да пазнання Бога, але не Езуса Хрыста, Сына Божага, другой асобы Найсвяцейшай Тройцы, адзначыў Пантыфік. Гэта шлях гностыкаў, дадаў ён, “яны добрыя, яны працуюць, але знаходзяцца не на правільным шляху”.

Ёсць і іншыя, звярнуў увагу Папа, яны думаюць, што, каб прыйсці да Бога, трэба ва ўсім сябе абмяжоўваць, быць строгімі, выбіраць шлях пакаяння: толькі пакаянне і пост. Ніводзін з іх не прыйшоў да жывога Бога, Езуса Хрыста, перакананы Святы Айцец. Гэта пелагіяне, сказаў ён, якія лічаць, што яны могуць асягнуць Бога выключна ўласнымі намаганнямі. Але Езус кажа выразна, што шлях да Яго, гэта пошук Яго ранаў.

Толькі праз раны Хрыста, паводле Папы, можна зразумець і з перакананнем рабіць справы міласэрнасці. Сучасныя раны Езуса, адзначыў ён, гэта асобы галодныя, прагнучыя, прыніжаныя галечай, нявольніцтвам, хворыя. І хрысціянам не хопіць сёння толькі дабрачынных фондаў, на думку Францішка, трэба ў літаральным сэнсе “кранаць раны Езуса”, песціць іх, перавязваць з пяшчотай, “цалаваць раны Езуса”. Менавіта так зрабіў св. Тамаш, жыццё якога з таго моманту радыкальна змянілася.

Каб дакрануцца да жывога Бога - сказаў Папа - не трэба “рабіць курс павышэння кваліфікацыі”, але ўвайсці ў раны Езуса, а для гэтага “проста выйсці на вуліцу”.







All the contents on this site are copyrighted ©.