2013-07-02 11:37:04

Італьянскі іерарх: візіт Папы на Лампедузу – “моцнае пасланне”


RealAudioMP3 Католікі Лампедузы ўспрынялі навіну аб прыбыцці сюды папы Францішка як “дар надзвычайнай ласкі”. 1 ліпеня Святы Пасад паінфармаваў, што Пантыфік адправіцца на востраў у Міжземным моры 8 ліпеня. Арцыбіскуп Агрыджэнта Франчэска Монтэнэгра лічыць візіт Святога Айца “моцным пасланнем”, якое дапаможа “прачытаць гісторыю вачыма Бога”. Эміграцыя, гасціннасць і дабрачыннасць будуць, на думку іерарха, ключавымі словамі падарожжа Папы.

Вялікая колькасць эмігрантаў з Афрыкі прымушае мясцовы Касцёл пераасэнсаваць сваю існасць у кантэксце беднасці, заўважыў арцыбіскуп і прызнаўся, што, размаўляючы з Пантыфікам, запрасіў яго наведаць гэта месца сутыкнення культур і канцэнтрацыі беднасці. Згода Святога Айца сведчыць, паводле іерарха, пра яго вялікае “сэрца пастыра”, якое адчувае, што побач ёсць брат, што пакутуе. Праблема эміграцыі становіцца праблемай усіх Цэркваў, сказаў арцыбіскуп і дадаў, што Лампедуза з’яўляецца мостам да афрыканскага кантыненту, і католікі не могуць рабіць выгляд, што праблемы не існуе.

Іерарх распавёў пра арганізацыю візіту і прызнаўся, што Папа прасіў лічыць яго прыватным і не рыхтаваць нічога надзвычайнага. Францішак сказаў арцыбіскупу, што хоча перасоўвацца паміж асноўнымі месцамі візіту пешшу, каб прадэманстраваць увагу да бедных. Арцыбіскуп Монтэнэгра назваў гэты жэст Святога Айца вялікім урокам для іншых.

Лампедуза – гэта невялікі італьянскі вулканічны востраў у Міжземным моры плошчай каля 20 кв. км. У 2000-я гады ён ператварыўся ў свайго роду перавалачны пункт для нелегальных эмігрантаў з Афрыкі, якія рэгулярна прыбываюць на Лампедузу ў перапоўненых лодках і шлюпках у надзеі перасяліцца ў Італію і пачаць там новае жыццё. Многія гінуць падчас такіх плаванняў. На востраве пабудаваны спецыяльныя лагеры для эмігрантаў, у якіх ім прадастаўляецца медыцынская дапамога, часовае жыллё, ежа. Новая хваля перасяленцаў з краін Паўночнай Афрыкі хлынула на Лампедузу пасля “арабскай вясны” 2011года.







All the contents on this site are copyrighted ©.