2013-07-02 14:27:37

Кардынал: існаванне беднасці – пытанне не эканамічнага, а маральнага характару


RealAudioMP3 Будаваць свет больш справядлівы і раўнапраўны, які рацыянальна і ўстойліва карыстаецца рэсурсамі, лепш размяркоўвае прадукты харчавання, прымае дальнабачныя рашэнні для змякчэння наступстваў змены клімату і яго разбуральных эфектаў для тэрыторый, закранутых беднасцю, заклікаў старшыня Папская рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў. Кардынал Франчэска Кокапальмерыа адкрыў 1 ліпеня семінар высокага ўзроўню ў сядзібе Папскай акадэміі навук у Ватыкане на тэму “Беднасць, грамадскія даброты і ўстойлівае развіццё. Глабальныя выклікі новага тысячагоддзя”.

“Беднасць з’яўляецца адной з самых вялікіх праблем новага тысячагоддзя”, - сказаў ватыканскі кардынал. Ён лічыць, што ў свеце існуе шмат прыгожых жаданняў, праграм, фармальных абавязацельстваў арганізацый і краін, якія застаюцца толькі на стадыі імкненняў. А беднасць ставіць перад чалавецтвам пытанні сацыяльнага, эканамічнага, грамадскага, і, не ў апошнюю чаргу, маральнага характару. Пурпурат нагадаў, што папа Францішак з самага пачатку свайго пантыфікату акцэнтуе “скандальнасць” існавання беднасці ў свеце. Яна, на думку Святога Айца, з’яўляецца выклікам для ўсяго Касцёла.

“Цвярозасць і ўменне прыслухоўвацца да патрэбаў менш паспяховых павінны быць кіруючымі прынцыпамі паводзінаў хрысціян”, - лічыць кардынал Кокапальмерыа. Ён падкрэсліў, што сёння тэма беднасці пераплятаецца з іншымі ўзаемазлучанымі тэмамі: клопатам аб навакольным асяроддзі, развіццём гарадоў, развіццём энергетыкі, эканамічным ростам, для якіх павінны быць выпрацаваны новыя крытэрыі, паколькі старыя аказаліся не эфектыўнымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.