2013-07-02 15:05:11

Ватыканскі іерарх пра Дні моладзі і дэманстрацыі ў Рыа


RealAudioMP3 Сусветныя дні моладзі з папам Францішкам у Рыа-дэ-Жанейра не трэба разглядаць у кантэксце дэманстрацый, якія ўзрушылі Бразілію, заявіў сакратар Папскай рады па справах свецкіх, біскуп Ёзэф Клеменс у інтэрв’ю “Ватыканскаму радыё”. Ён не думае, што хваля крытыкі перакінецца на моладзевы форум, паколькі пратэсты накіраваны перш за ўсё супраць траты дзяржаўных сродкаў і карупцыі. “Гэта ніякім чынам не адносіцца да Сусветных дзён моладзі”, - заявіў іерарх. Ён дадаў, што мерапрыемства, якое распачнецца праз тры тыдні, не фінансавалася і не фінансуецца з якіх-кольвечы дзяржаўных крыніц; яно праводзіцца выключна за кошт спонсараў і фондаў Касцёла. Такім чынам, Дні моладзі не могуць быць непасрэдным аб’ектам пратэстаў.

Тым не менш, на думку ватыканскага іерарха, немагчыма ігнараваць дэманстрацыі і асноўныя асаблівасці сацыяльных адносін у Бразіліі. “Калі чалавек выйдзе ў прыгарады, ён мімавольна натрапіць на сацыяльныя пытанні. Чалавек жыве ў сацыяльным кантэксце, які ён так проста не можна ігнараваць”, - адзначыў іерарх. Нават прабываючы ў Бразіліі як госць, чалавек не можа заплюшчваць вочы на сацыяльныя праблемы гэтай краіны, сказаў сакратар Папскай рады па справах свецкіх.

На Сусветных днях моладзі з 23 па 28 ліпеня чакаецца да 3 млн. удзельнікаў. У Рыа-дэ-Жанейра прыняты высокія меры бяспекі. Як паведамляе бразільская прэса, яе будуць забяспечваць 12 тыс. салдат і 8 тыс. паліцэйскіх. У ахове будуць заняты ваенна-паветраныя сілы і ваенна-марскі флот. Вуліцы Рыа будуць патруліраваць 300 браніраваных машын.

Дэманстрацыі ў Бразіліі былі скіраваны супраць разбазарвання дзяржаўных сродкаў, адсутнасці выдаткаў у сацыяльнай сферы, а таксама карупцыі ва ўрадзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.