2013-07-02 10:12:39

Адстаўкі ў кіраўніцтве Ватыканскага банка


RealAudioMP3 Дырэктар Інстытута рэлігійных спраў – Ватыканскага банка – Паола Чыпрыані і намеснік дырэктара Масіма Тулі падалі ў адстаўку. Аб гэтым паінфармавала 1 ліпеня позна вечарам Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Пасля многіх гадоў службы яны вырашылі, “што гэта рашэнне ляжыць у інтарэсах Інстытута і Святога Пасаду”, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве. Наглядальная рада і Камісія кардыналаў прынялі адстаўкі і звярнуліся з просьбай да кіраўніка банка Эрнста фон Фрэйберга неадкладна ўзяць на сябе функцыі генеральнага дырэктара. Аб гэтым рашэнні былі паінфармаваны Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Папская рэферэнтная камісія па справах Інстытута рэлігійных спраў, створаная нядаўна, 26 чэрвень 2013 г.

На пасаду выконваючага абавязкі намесніка дырэктара Эрнст фон Фрэйберг прызначыў Раланда Маранчы. Антоніа Монтарэзі заняў новаствораную пасаду выконваючага абавязкі дырэктара па кіраванні рызыкамі з кампетэнцыяй нагляду за выкананнем прававых норм і рэалізацыяй спецыяльных праектаў. Раней Раланда Маранчы быў галоўным аператыўным дырэктарам у адным з вядучых італьянскіх банкаў у Лондане. Антоніа Монтарэзі займаў пасаду дырэктара па кіраванні рызыкамі і начальніка аддзелу кантролю ў адным з банкаў ЗША.

“Ад імя Назіральнай рады я дзякую спадарам Чыпрыані і Тулі за іх асабістую адданасць на працягу апошніх гадоў”, - заявіў Эрнст фон Фрэйберг. “Я вітаю прызначэнне Раланда Маранчы і Антоніа Монтарэзі як выдатных прафесіяналаў”, - дадаў ён. “З 2010 г. Інстытут рэлігійных спраў і яго кіраўніцтва ўпарта працавалі, каб прывесці структуру і працэсы ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі па барацьбе з адмываннем грошай. Разам з нашай удзячнасцю за тое, што было дасягнута, сёння мы разумеем, што нам патрэбна новае кіраўніцтва для павышэння тэмпаў гэтага працэсу трансфармацыі. Наш прагрэс адбываецца ў немалой ступені дзякуючы пастаяннай падтрымцы з боку кіруючых органаў Інстытута і яго супрацоўнікаў”, - заявіў кіраўнік Ватыканскага банка.

Наглядальная рада ўжо ініцыявала працэс прызначэння новага генеральнага дырэктара і намесніка дырэктара. У маі 2013 г. старшыня Назіральнай рады даручыў аўтарытэтнай “Promontory Financial Group” распрацоўку праграмы па ўзмацненні барацьбы з адмываннем грошай і разгляду адносін Ватыканскага банка з кліентамі.

Інстытут рэлігійнай спраў быў заснаваны ў 1942 г. дэкрэтам папы Пія XII, каб сцерагчы і кіраваць дабротамі, пераказанымі або даверанымі Інстытуту фізічнымі або юрыдычнымі асобамі, а таксама служачымі рэлігійным ці дабрачынным справам. У цяперашні час ён кіруе сродкамі на агульную суму каля 7 млрд. еўра, мае амаль 19 тыс. кліентаў, больш за 5 тыс. з якіх, гэта каталіцкія установы, якім належыць больш за 85% кіраваных фондаў, і каля 14 тыс. – ватыканскія супрацоўнікі, духавенства і законнікі, а таксама дыпламаты, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.