2013-06-30 13:34:08

Папа да літоўскай моладзі: будзьце жывой часткай Касцёла


RealAudioMP3 “Не бойцеся жыць верай” і “адчувайце сябе жывой часткай Касцёла”, заклікаў папа Францішак удзельнікаў “VI Дня Літоўскай моладзі”, які з 28 па 30 чэрвеня праходзіць у Каўнасе. У сваім спецыяльным пасланні з гэтай нагоды Пантыфік падкрэсліў, што любоў Хрыста да нас і Яго сяброўства з намі “не з’яўляюцца ілюзіяй”. Ён заклікаў літоўскую моладзь быць сведкамі Хрыста разам са сваімі равеснікамі. Святы Айцец напісаў, што “Езус любіць маладых людзей такімі, якімі яны ёсць, з іх слабасцямі і ўразлівасцю і жадае, каб кранутыя Яго любоўю, яны ўдасканальваліся”. “Вы сустрэнеце сяброўства з Ім, і зазнаеце яго ва ўсёй плённасці і прыгажосці, калі будзеце шукаць Яго са шчырасцю і з даверам”, - адзначыў Святы Айцец. Папа нагадаў: каб жыць ўсё больш “інтэнсіўна ў хрысціянскай супольнасці”, трэба прыймаць сакраманты, разважаць над Святым Пісаннем і пастаянна маліцца. Пантыфік заклікаў маладых людзей, каб адчувалі сябе “жывой часткай Касцёла і спрыялі евангелізацыі, у аб’яднанні з братамі па веры і ў еднасці” са сваімі пастырамі. “З прастатой і адвагай заўсёды абвяшчайце Хрыста ў сваім штодзённым асяроддзі” і паказвайце “аблічча міласэрнага і любячага Хрыста, які прабачае, заахвочвае і дае надзею”, усім сваім равеснікам. “Заўсёды будзьце паважлівымі да іншых, - адзначыў Папа,- асабліва да бедных і слабых, даючы сведчанне братэрскай любові, насуперак любой формы эгаізма і замкнёнасці”. Папа прапанаваў моладзі маліцца Святым Ружанцам і звяртацца да Панны Марыі, каб вяла іх “да ўсё больш шчыльнага аб’яднання з Езусам. “Няхай ваш нябесны апекун Святы Казімір нястомна дапамагае вам у пошуку Хрыста”, - завершыў Папы.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.